За адну налепку – 810 рублёў штрафу і 15 сутак арышту



У віцебскім судзе Кастрычніцкага раёну налепку “Калгаснай дыктатуры – баста” назвалі плакатам.

А тых, хто яе наклеіў на будынак абласной пракуратуры, прызналі парушальнікамі заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы. Наталлі Спірыдонавай прысуджаны штраф памерам 30 базавых велічынь ( 810 рублёў), Алесю Круткіну суддзя Ілля Белавус прысудзіў 15 сутак арышту.

Для актывіста кампаніі “Еўрапейская Беларусь” гэта будзе ўжо другі запар 15-суткавы тэрмін: толькі сёння скончыўся папярэдні, якім Алесь Круткін быў пакараны за акцыі пратэсту ў Менску. Хлопец кажа, што пакуль адчувае сябе няблага:

– Напачатку я знаходзіўся ў віцебскім ізалятары, потым у полацкім, потым зноў у Віцебску. Яны патрацілі каля 200 даляраў толькі на паліва дзеля гэтай “спецаперацыі”. Настрой баявы, напісаў 12 вершаў, артыкулы пісаў. Стан здароўя добры, але ён, верагодна, пагоршыцца, калі я буду трымаць галадоўку без вады і без ежы.

Алесь Круткін папярэджвае, што будзе галадаваць, калі яго пакараюць яшчэ адным арыштам. Гэта выглядае верагодным, бо супраць яго і Наталлі Спірыдонавай распачалі па дзве адміністрацыйныя справы за налепкі.Справа пра налепку на пракуратуры скончылася штрафам і “суткамі”, а суд за налепку на корпусе домабудаўнічага камбіната будзе працягвацца яшчэ і заўтра, 13-га лютага.

Пасля затрымання 27-га студзеня міліцыя тройчы перапісвала пратаколы, шукаючы падставаў для пакарання. Спярша абодвух абвінавацілі ў хуліганстве, потым – у засмечванні гораду, і ўрэшце спыніліся на артыкуле 23.34 КоАП. Ён прадугледжвае большыя пакаранні ў параўнанні з астатнімі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск