За агітацыю супраць рэферэндуму СК завёў крымінальныя справы



Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне некалькіх чалавек, у якіх знайшлі ўлёткі з агітацыяй супраць рэферэндуму. На іх завялі крымінальныя справы па артыкуле – перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, праву на ўдзел у рэферэндуме.

Першапачаткова сілавікі прыйшлі да 45-гадовага мужчыны і дваіх жанчын праз тое, што яны быццам бы «неаднаразова наносілі надпісы экстрэмісцкага характару на паштовыя скрыні ў пад’ездах», а ў снежні 2021 году яны нібыта сарвалі дзяржаўны сцяг з флагштоку на будынку крамы на вуліцы Арлоўскай у Менску і спалілі яго.

Падчас ператрусаў, паводле СК, у іх знайшлі і канфіскавалі «мноства ўлётак з заклікамі аб зрыве рэферэндуму шляхам псавання бюлетэняў». Яны нібыта паспелі распаўсюдзіць улёткі ў падʼездах жылых дамоў на вуліцы Карастаянавай у Менску.

Іх узялі пад варту. Паводле заведзенага артыкулу, ім пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Аналагічную справу расследуе Фрунзенскі (г. Менску) раённы аддзел СК. Паводле ведамства, 59-гадовая жанчына, «дзейнічаючы па папярэдняй змове з іншымі асобамі, вырабіла ўлёткі, якія змяшчаюць загадзя падрыхтаваны тэкст з заклікамі аб зрыве і парушэннях пры правядзенні будучага рэферэндуму».

Жанчына працуе выхавацелькай дзіцячага садку; падчас агляду яе працоўнага месца канфіскавалі ўлёткі з заклікамі прыводзіць у непрыдатнасць бюлетэні для галасавання, паведамляе СК. Жанчыну затрымалі.

Фота: sk.gov.by