За антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі як найменей 1,5 тысячы чалавек
З пачатку вайны супраць Украіны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі як найменей 1,5 тысячы чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Большасць з удзельнікаў улады пераследуюць у адміністрацыйным парадку, але супраць некаторых заводзяць крымінальныя справы, удакладняюць праваабаронцы.
«Беларусаў кідаюць за краты за запуск балонікаў, адзенне і сімволіку ў блакітна-жоўтых колерах, за кветкі каля ўкраінскай амбасады і за гукавы сігнал падчас мітынгу», — зазначаюць яны. Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага. За два дні ў Беларусі было затрымана больш за 1,1 тысячы чалавек, пры гэтым за кратамі з іх апынуліся як найменей 630.
Акцыі адбываліся не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Вядома аб пратэстах у 27 гарадах.