За апошні тыдзень у Беларусі патанулі 19 чалавек



За мінулы тыдзень, з 15 па 22 ліпеня, у Беларусі патанулі 19 чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, паведамляе Менская гарадская арганізацыя Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах.

Больш за ўсё людзей загінулі ў Берасцейскай вобласці. 20 ліпеня на канале Бярозаўскай ДРЭС рыбакі выявілі патанулага 56-гадовага мужчыну. У гэты ж дзень у штучным вадаёме блізу берасцейскага картадрома падчас купання патанула жанчына 55 гадоў.

21 ліпеня на рацэ Ясельда непадалёк ад вёскі Рудка Пінскага раёна пры падзенні ў ваду патануў 13-гадовы хлопчык. Тады ж у вёсцы Хідры (Кобрынскі раён) у сажалку асабістага падворка ўпала і патанула дзіця, якому было крыху менш за два гады. Яго маці займалася на ўчастку гаспадарчымі работамі, а праз нейкі час заўважыла, што малога няма. Бацька знайшоў сына ў вадаёме.

22 ліпеня ў пажарным вадаёме блізу вёскі Заказанка (Берасцейскі раён) пры купанні патануў мужчына 48 гадоў.

У Віцебскай вобласці на вадзе загінулі тры чалавекі. 17 ліпеня на Дзвіне ў Віцебскім раёне пры купанні патануў мужчына 49 гадоў. 21 ліпеня ў кар’еры ў Полацку падчас купання з двума сабакамі патануў мужчына, якому быў 51 год. 22 ліпеня ў возеры Ваўчо каля гарадскога пасёлка Ушачы пры лоўлі рыбы патануў мужчына 58 гадоў.

У Гомельскай вобласці 19 ліпеня ў штучным вадаёме блізу вёскі Падбродцы Светлагорскага раёна пры купанні патанула 12-гадовая дзяўчынка.

У Гарадзенскай вобласці 15 ліпеня ў Нёман у вёсцы Дакулава Лідскага раёна ўпала 14-гадовая дзяўчынка, якую даставілі ў аддзяленне рэанімацыі Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе яна памерла. 18 ліпеня ў Янаўскім вадасховішчы (Астравецкі раён) пры купанні патануў мужчына 27 гадоў. Прычына ўтаплення высвятляецца.

У Менскай вобласці 15 ліпеня ў вадаём у вёсцы Падарожнікі Маладзечанскага раёна ўпала і патанула 12-гадовая дзяўчынка. 17 ліпеня ў бытавой ёмістасці з вадой у вёсцы Еўлічы (Слуцкі раён) патануў мужчына 65 гадоў. 19 ліпеня ў сажалцы ў вёсцы Дусаеўшчына Капыльскага раёна падчас купання патануў хлопчык 10 гадоў.

У Магілёўскай вобласці патанулі чацвёра мужчын 22, 24, 36 і 68 гадоў. Усе яны былі ў стане алкагольнага ап’янення. Таксама п’яны мужчына патануў 17 ліпеня ў Менску ў вадасховішчы Пціч.

Усяго з пачатку года ў Беларусі загінулі на вадзе 196 чалавек, у тым ліку 22 непаўналетнія.

belapan.by