За апошнія 10 гадоў аварыйнасць на дарогах Беларусі знізілася



За апошняе дзесяцігоддзе аварыйнасць на дарогах у Беларусі знізілася ў тры разы, паведаміў начальнік упраўлення ДАІ ГУУС Менгарвыканкама Вадзім Гаркун на круглым стале ў прэс-цэнтры Sputnik.

 

„Мы маем відавочны трэнд на зніжэнне агульнай аварыйнасці, на зніжэнне колькасці загінулых і параненых людзей. Напрыклад, калі ў 2005 годзе ў рэспубліцы загінула 1.673 чалавекі, у 2018-м — 549”, — паведаміў ён.

Пры гэтым, паводле яго слоў, зніжэнне колькасці аварый, звязаных з асацыяльнымі паводзінамі, кіраваннем у нецвярозым стане або без правоў, яшчэ больш істотнае — у чатыры разы. Асноўнай прычынай такога спаду Гаркун называе ўзмацненне жорсткасці пакарання за п’янае кіраванне.

„Калі казаць пра Менск, у 2006 годзе мы затрымалі амаль восем тысяч нецвярозых кіроўцаў, і пры гэтым мелі 72 ДТЗ, у якіх загінулі або былі траўмаваныя ўдзельнікі дарожнага руху. У 2018 годзе мы маем 2.347 затрыманых нецвярозых кіроўцаў, і толькі 16 з іх сталі прычынай ДТЗ, дзе пацярпелі людзі”, — дадаў ён.

Прадстаўнік ДАІ зазначыў, што заканадаўства ў гэтай сферы будзе мяняцца і далей.

„Заканадаўчая праца патрабуе больш тонкіх налад, і, вядома, мы не разлічваем на трэнд, калі сітуацыя будзе паляпшацца ў разы. Але будзем шліфаваць, паляпшаць сітуацыю, нават адно выратаванае жыццё вартае любых намаганняў ад супрацоўнікаў міліцыі, заканадаўцаў і грамадства”, — сказаў Гаркун.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Менаблвыканкама Міхаіла Акуліча, у Мінскай вобласці назіраецца аналагічная дынаміка па памяншэнні колькасці п’яных кіроўцаў.

„У Менскай вобласці за першае паўгоддзе бягучага года затрымана 1.817 нецвярозых кіроўцаў, 85% з іх кіравалі асабістым транспартам, 3,6% — кіроўцы юрыдычных асоб, па 3%  —  мапедаў, мотаблокаў і матацыклаў, 2,2% — трактара. Што да паўторных кіроўцаў, каго затрымалі на працягу года, з 74 такіх  65 чалавек (88%) — гэта кіроўцы індывідуальнага транспарту. І па 4% — кіроўцы мапеда і мотаблока, 3,5% — кіроўцы матацыкла”, — сказаў Акуліч.

БелаПАН

Фота: auto.onliner.by