За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана больш за 700 новых выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 89.642 (+733 за апошнія суткі), памёр 941 чалавек (+4), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Сутачны прырост выпадкаў інфекцыі ўпершыню з сярэдзіны чэрвеня перавысіў 700 (15 чэрвеня было зарэгістравана 707 новых выпадкаў каронавіруса).

Міністэрства аховы здароўя таксама адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 80.905 пацыентаў (402 за апошнія суткі).

Праведзена 2.267.862 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 23.552.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў ведамства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.

21 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя вярнула ў пералік краін, пасля вяртання з якіх патрэбная самаізаляцыя на працягу 10 дзён, 28 дзяржаў. Гэта Балгарыя, Бельгія, Боснія і Герцагавіна, Данія, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, ЗША, Ірландыя, Ісландыя, Канада, Ліван, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Мальта, Малдова, Нідэрланды, Партугалія, Паўночная Македонія, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Туніс, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя.

belapan.by

Фота: МН