За атрыманне хабару затрыманы буйны чыноўнік Менгарвыканкама
Паводле інфармацыі КДБ Беларусі, „спыненая маштабная супрацьпраўная дзейнасць групы службовых асобаў” на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менскага гарадскога выканаўчага камітэта Барысевічам С.А. Затрыманыя і змешчаныя пад варту дзесяць чалавек.
Як паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржаўнай бяспекі, затрыманыя падазраюцца ў тым ліку ў атрыманні хабару ў буйным і асабліва буйным памеры ад прадстаўнікоў прыватных суб’ектаў гаспадарання за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб заключэнні дагавораў (закупкі па завышаных цэнах і г. д.) з падпарадкаванымі прадпрыемствамі і арганізацыямі.
У дачыненні да фігурантаў распачатыя справы на падставе артыкулаў 430 (атрыманне хабару) і 432 (пасрэдніцтва ў хабарніцтве) Крымінальнага кодэкса. Максімальнае пакаранне згодна з гэтымі артыкуламі — пазбаўленне волі на 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
„КДБ працягвае правядзенне неабходных следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, скіраваных на выяўленне і дакументаванне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці затрыманых”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы КДБ.
belapan.by