За аўтамабільны сігнал 11 лютага на праспекце Незалежнасці – 15 сутак



Суд Цэнтральнага раёна арыштаваў сёння на 15 сутак аўтамабіліста Паўла Падаляку, які ўчора сігналіў на праспекце Незалежнасці, паведамлаюць праваабаронцы.

Каля 9 раніцы Паўла Падаляку каля цырка спыніў рэгуліроўшчык і сказаў, што яму перадалі па рацыі, што ён „падаў гукавы сігнал”. З супрацоўнікам ДАІ Павел на сваёй машыне праехаў у Цэнтральнае РУУС. І там ва ўнутраным дворыку за закрытай брамай ён нібыта адмовіўся прайсці ў РУУС, пачаў упірацца нагамі і хапацца за форменнае абмундзіраванне супрацоўніка. На яго склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП за непадпарадкаванне. Але ў РУУС яму прапаноўвалі падпісаць пратакол, што ён стаяў на Незалежнасці і выкрыкваў лозунгі.

У судзе дапыталі сведку-супрацоўніка, на што Павел Падаляка сказаў: „Дзе ў чалавека сумленне? Усё, што кажа сведка, глупства, а дурных пытанняў у мяне няма”.

Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў Паўла вінаватым па арт. 23.4 КаАП і арыштаваў яго на 15 сутак.