За аўтапрабег салідарнасці па Лідзе – штрафы па 25 базавых
Чатыром удзельнікам аўтапрабегу салідарнасці ў Лідзе прысудзілі па 25 базавых велічынь штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Аляксандар Захватовіч, Павал Шыдлоўскі, Эдгар Імбрас і Сяргей Пантус зладзілі аўтапрабег па вуліцах Ліды, вывесіўшы на сваіх аўтамабілях нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.
Усіх затрымалі яшчэ 29 чэрвеня і пасля таго, як ноч яны правялі ў міліцыі, у Лідскім раённым судзе над імі адбыліся суды з аднолькавымі вынікамі. У дадатак да ўсяго – канфіскаваныя аўтамабілі да поўнай выплаты штрафаў.
Гаворыць адзін з асуджаных удзельнікаў Сяргей Пантус:
– Я лічу гэта няправільна, што калі людзей, якія за праўду, за адкрытыя выбары, за салідарнасць штрафуюць такімі вялікімі штрафамі. Тым не менш я не шкадую, што ўдзельнічаў у гэтым прабегу таму, што сапраўды салідарны.
У Лідзе выкліканы ў міліцыю яшчэ адзін удзельнік аўтапрабегу – Дзяніс Ляўковіч.
Беларускае Радыё Рацыя