За балончык з фарбай — тры гады „хіміі” і 1000 рублёў кампенсацыі



Суддзя суда Заводскага раёна горада Менска Кацярына Мурашка 17 снежня агучыла прысуд у дачыненні да менчанкі Алены Гэсс.

Алену Гесс прызналі вінаватай у пашкоджанні маёмасці (шляхам нанясення фарбай надпісы „Яна з намі”) — артыкул 341 КК РБ, а таксама ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаным з ужываннем гвалту — частка 2 артыкула 363 КК РБ.

Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім Алене Гэсс прызначылі канчатковае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін у тры гады. Меру стрымання Гэсс у выглядзе падпіскі аб нявыездзе пакінуць ранейшай да ўступлення прысуду ў сілу.

Таксама — спагнаць з Алены Гэсс на карысць пацярпелага міліцыянта Арсенія Кажамякіна матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 1000 рублёў. Днём раней у суд паступіла заява ад Кажамякіна, у якім ён просіць, каб Алена Гэсс пералічыла гэтыя грашовыя сродкі ва Упраўленне адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна горада Мінска для прытулку.

Калі Алена Гэсс не аплаціць 1000 рублёў, а таксама дзяржпошліну і працэсуальныя выдаткі (81 рубель і 11 капеек) на працягу 30 дзён з дня ўступлення прысуду ў сілу, то яе арыштаваная маёмасць (сярод яе — мабільны тэлефон і ноўтбук) будзе выкарыстана для аплаты.

Прысуд можа быць абскарджаны на працягу дзесяці дзён.