За БЧБ-сцяг аднаму – 40 базавых, а другому – 8 сутак



У Глыбокім і Паставах грамадскіх актывістаў судзілі за бел-чырвона-белыя сцягі, якія віселі на іх дамах. Міліцыянтамі гэта было расцэнена як адзіночныя пікеты. Глыбачаніна Аляксандра Шарабайку міліцыянты адразу затрымалі пасля судовага пасяджэння над ім 16 снежня і правялі ў калідоры будынка суда новы адміністрацыйны працэс. А пастаўчаніна Паўла Марозава забралі з дому, пакінуўшы адных яго сямі і адзінаццацігадовага дзяцей дома без нагляду бацькоў, бо іх маці якраз у гэты час вярталася з суда Аляксандра Шарабайкі, які праходзіў у Глыбокім. Пасля Паўла Марозава ў Паставах суддзя  Наталля Максімовіч пакарала 8-мю суткамі арышту.

Як кажа глыбачанін Аляксандр Шарабайка, яго судзіў зноў Андрэй Тарасевіч і пакараў 40 базавымі велічынямі штрафу (1080 беларускіх рублёў):

– Канешне маглі яны скласці пратакол там на месцы і адпусціць. Пратрымалі мяне двое сутак у камеры і быў у нас зноў суд па Скайпу. У выніку Тарасевіч у канцы ўжо, перад самым рашэннем суда, спытаў: „А колькі ў вас увогуле вісіць сцяг на доме?”. Кажу: „У сакавіку будзе пяць гадоў”. Усміхнуўся  і кажа: „40 базавых. Да пабачэння”.

Некалькімі днямі раней у Глыбокім затрымалі амаль на трое сутак Яўгена Астрэйку за масавае мерапрыемства ў салоне аўтамабіля. Міліцыянты заўважылі ў яго машыне ўстаўлены ў заднюю фортку левых пасажырскіх дзвярэй бел-чырвона-белы сцяг. Яго аштрафавалі па артыкуле 23.34 КаАП на 10 базавых велічыняў (270 беларускіх рублёў) і ўзялі машыну на экспертызу.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Аляксандр Шарабайка

Павел Марозаў

Пратакол, складзены на Яўгена Астрэйку

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя