За бел-чырвона-белую сурвэтку – 20 сутак
Дырэктар фірмы з Віцебска Уладзімір Пунько прысуджаны да 20 сутак арышту за „пікетаванне”. Такім палічылі бел-чырвона-белую сурвэтку ў салоне аўтамабіля.
Прысуд быў абвешчаны ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска.
Палатно чырвона-белай расфарбоўкі ўбачыў у салоне машыны Уладзіміра супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў. На прадпрымальніка склалі пратакол аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па арт. 24.23.
Паводле яго, у той дзень Уладзімір знаходзіўся на вуліцы Кірава ў Віцебску на Toyota, на пярэдняй панэлі якой пад лабавым шклом было бел-чырвона-белае палатно. Гэта палічылі пікетам, які «не меў дачынення да перадвыбарчай кампаніі», а быў публічным выказваннем «грамадска-палітычных настрояў».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: viciebskspring.org
