За беларускамоўны аўтавакзал у Берасці



Берасцейскія актывісты выступаюць за беларусізацыю новага аўтавакзала. Пра гэта паведаміў кіраўнік агенцтва рэгіянальнага развіцця „Дзедзіч” Зміцер Шыманскі, прадстаўнікам якога ўласна і належыць гэтая ідэя:

Адзін з накірункаў, якім мы будзем займацца, – гэта змаганне за пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы. Мы зараз збіраем подпісы за тое, каб аўтавакзал, які будуецца ў Берасці, усё афармленне меў на беларускай мове. І калі ёсць жаданне, то ў нас на офісе ёсць аркушы, у якіх можна паставіць свой подпіс за тое, каб усё афармленне на берасцейскім вакзале было беларускамоўным.

Новы аўтавакзал Берасця размесціўся побач з дзейсным чыгуначным вакзалам, і ягонае будаўніцтва прымеркавана да 1000-годдзя Берасця, якое адсвяткуюць сёлета. Нягледзячы на сканчэнне будаўнічых прац, афіцыйнага адкрыцця вакзала яшчэ не было, і таму актывісты спадзяюцца на тое, што яго ў выніку аздобяць па-беларуску. Аркушы з подпісамі ініцыятывы знаходзяцца на офісе „Дзедзіча” па адрасе вуліца Маякоўскага, 46.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце