За белыя і чырвоныя шарыкі ў пакоі – арышт на 7 сутак



У Дуброўне асудзілі мясцовага актывіста Міхаіла Чамураку – за тое, што ён павесіў у сябе дома белыя і чырвоныя шарыкі, якія былі відаць праз вакно з вуліцы.  

Сведкамі “правапарушэння”  ў справе значацца кіроўца пракуратуры і супрацоўнік суду. Паводле жонкі актывіста, Людмілы Чамуракі, яшчэ 15-га студзеня шарыкі сканфіскавалі, на мужа склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне і затрымалі яго на 72 гадзіны:

– Прыйшлі, шарыкі знялі і Міхаіла забралі. “Вы ж разумееце, што ў нашай краіне адбываецца!”—гэта тры супрацоўнікі міліцыі мне такое казалі. Я разумею! Што павінны быць заканадаўчыя акты: забаронена спалучэнне белага і чырвонага колераў ці забаронена вешаць шарыкі, ці яны забаронены да продажу… Яны 4 месяцы віселі – іх не чапалі!

Праз трое сутак Міхаіл Чамурака апынуўся на волі: суддзя Марыя Цыклінская накіравала дакументы адміністрацыйнай справы на дапрацоўку. Працяг суду адбыўся 21-га студзеня, актывіста прызналі вінаватым і прысудзілі 7 сутак арышту. Яго забралі пад варту, і з улікам ужо адбытых у ізалятары трох сутак, Міхаіл мае выйсці на волю 25-га студзеня. Аднак Людміла Чамурака не ўпэўнена, што так здарыцца: яна даведалася, што супраць мужа распачалі яшчэ адну адміністрацыйную справу. Яго вінавацяць у тым, што ён павесіў белыя і чырвоныя стужкі ў райцэнтры. З гэтае нагоды міліцыянты правялі агляды ў доме Міхаіла Чамуракі, ягоных маці і сястры, аднак нічога падазронага не знайшлі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск