За бойку ў Маладэчне, у якой пацярпеў Касінераў, асуджаныя 4 чалавекі



УУС Менаблвыканкама паведаміла аб вынясенні прысуду судом чацвярым нападнікам на кампанію, якая гуляла ў цэнтры Маладэчна ўвечары 21 чэрвеня мінулага года і ў якой быў анархіст Вячаслаў Касінераў.

Паводле інфармацыі міліцыі, чацвярых датычных да збіцця кампаніі Касінерава затрымалі ў пачатку верасня. Тром — па дваццаць гадоў, аднаму — дваццаць два. Двое з затрыманых — жыхары Маладэчна, адзін — з Вілейскага раёна, адзін — са Смаргоні.

Суд у Маладзечне палічыў, што абвінавачаныя „дзейнічалі групай асоб, учынілі наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія суправаджаюцца ўжываннем гвалту і адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам”. За здзяйсненне злоснага хуліганства ўсім чацвярым прызначанае пакаранне ў выглядзе арышту на тры месяцы. У тэрмін адбыцця пакарання залічаны час утрымання пад вартай з моманту затрымання і да заканчэння суда, таму пакаранне з’яўляецца адбытым. Прысуд яшчэ не набыў законную моц, паколькі фігурант, які ўдзельнічаў у іншай бойцы, абскардзіў прысуд менавіта па сваім дадатковым эпізодзе.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, адна група маладых людзей завязала бойку з другой. „Па сутнасці, кампанія хлопцаў напала на іншую кампанію — двух маладых мужчын і дзвюх дзяўчат, якія гулялі па горадзе <…>, — паведамляе УУС Менаблвыканкама. — Аказалася, што адным з пацярпелых у бойцы стаў даволі вядомы Вячаслаў Касінераў. Зразумела, што прадстаўнікі медыя, якія тэлефанавалі ва УУС Менскага аблвыканкама, акцэнтавалі менавіта на гэтым сваю ўвагу, распытвалі пра падрабязнасці, цікавіліся перспектывамі разбору. У зносінах разам з гэтым чуліся сумненні ў магчымасці раскрыць гэтае злачынства. Намякалі на нейкую палітычную падаплёку. Прычым скепсіс выказваўся і ад імя самога пацярпелага ў матэрыялах, што з’явіліся неўзабаве на прасторах інтэрнэту. У якасці варыянту разглядалася нават тое, што здарэнне ледзь не правакацыя нейкіх сілавікоў у дачыненні да актывіста”.

Пры гэтым сам Касінераў, як адзначаюць ва УУС, „павёў сябе вельмі своеасабліва”. Бойка адбылася ўвечары. У міліцыю непасрэдна пасля таго, што здарылася ў Маладэчне, а таксама пасля вяртання ў Менск, ён звяртацца не стаў. Толькі ноччу ў адно з РУУС Менска паступіла інфармацыя ад медыкаў: у бальніцу звяртаўся чалавек з пераломам носа і чэрапна-мазгавой траўмай. Міліцыянеры адразу звязаліся з пацярпелым па тэлефоне. Той адказаў, што траўмы — вынік няўдалага падзення.

На следстве, як заяўляюць ва УУС, „пацярпелы бок павёў сябе не зусім звычайна”. „Здавалася б, выканаўцы дзёрзкага злачынства павінны быць знойдзеныя і пакараныя. Аднак, у адрозненне ад расказаў журналістам, у якіх дастаткова поўна і выразна агучваліся падзеі, зносіны з прадстаўнікамі праваахоўных органаў на ўсіх этапах гэтай гісторыі дэманстратыўна ігнараваліся”, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні .

„Падобная карцінка”, паведамляюць ва УУС, была і падчас судовага пасяджэння: „дэманстратыўная абыякавасць да разгляду і немагчымасць прыгадаць абставіны менавіта таго чэрвеньскага вечара ў Маладзечне”.

Нагадаем, як паведаміў Касінераў БелаПАН 22 чэрвеня, напярэдадні каля дзесяці гадзін вечара ён са сваім таварышам і дзвюма дзяўчатамі ішоў па цэнтральнай плошчы горада. „Там сядзела кампанія, адразу да нас падышлі, спыталі, хто мы, завязалася бойка”, — сказаў ён. Паводле слоў актывіста, нападнікаў было больш за 20 чалавек, яны адразу прызналіся ў сваіх неанацысцкіх поглядах. Касінераў удакладніў, што збівалі ўсіх чацвярых, у тым ліку дзяўчат. Ужо пасля інцыдэнту, падкрэсліў ён, кампанію да вакзала суправаджала машына з невядомымі.

Сёння Вячаслаў Касінераў заявіў БелаПАН, каментуючы паведамленне УУС, што ён супраць таго, каб кагосьці судзіць. „Мы прынцыпова не супрацоўнічаем з судом, следствам, міліцыяй, паколькі гэта рэпрэсіўныя органы. Мая пазіцыя для іх — зваліўся з ровара. Нас не цікавіць прысуд, нас цікавіць магчымасць сябе абараняць”, — сказаў ён.

Суд, паводле слоў Касінерава, адбыўся 8 снежня.

belapan.by