За два гады мараторыя папуляцыя ваўкоў у Белавежскай пушчы не аднавілася
Мараторый на паляванне на ваўкоў быў уведзены ў Белавежскай пушчы ў 2015 годзе дзеля навуковых даследаванняў, якія робяць Нацыянальны парк «Белавежская пушча», «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкае заалагічнае таварыства. Пра яго ішла размова ў Менску на канферэнцыі «Вывучэнне і кіраванне воўкам у Беларусі».
Кіраўнік грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук назваў прычыну, чаму важна захаваць забарону на паляванне на ваўкоў у Белавежскай пушчы.
— Да 2015 года ў Белавежскай пушчы, як амаль што ва ўсіх астаніх рэгіёнах Беларусі вялося паляванне. 20- 30 % папуляцыі ваўка ў Белавежская пушчы штогод забівалася. У адрозненні ад польскага боку Белавежскай пушчы, дзе амаль 30 гадоў як паляванне на ваўка спыненае. Мараторый — гэта вельмі важна. Бо Нацыянальны парк «Белавежская пушча» — гэта наша ікона аховы прыроды, таго як павінна функцыянаваць экасістэма.
Паводле Віктара Фенчука, нават праз два гады пасля ўвядзення забароны паляваць на ваўкоў у беларускай частцы Белавежскай пушчы, папуляцыя ваўкоў не паспела аднавіцца ў належных маштабах. Менавіта таму даследчыкі ўступаюць у спрэчку з паляўнічымі і патрабуюць захаваць мараторый на адстрэл ваўкоў, каб працягваць даследаванні і як мага менш умешвацца ў натуральныя справы беларускай фаўны.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск