За Дзень памяці аштрафаваны шосты чалавек – Віталь Гуляк
Грамадскі актывіст Віталь Гуляк рашэннем суда Ваўкавыскага раёну аштрафаваны на 20 базавых велічынь за прысутнасць на Дні памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы. У той дзень ён не трымаў ніякай сімволікі і не выкрыкваў лозунгаў, таму пакараны за саму прысутнасць на мерапрыемстве – лічаць праваабаронцы. На думку суда, Гуляк удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Абвінавачванне грунтавалася на складзеным у Свіслацкім РАУС пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння.
– Самае цікавае, што суддзя нармальна паставіўся. Ён ад пачатку працэсу ўвогуле разлаваўся на міліцыянтаў, сказаў, што вы мне справу падсоўваеце, я назад яе адпраўлю, спаслаўся на нейкі артыкул, у мэтах аператыўнасці трэба адразу яе разглядаць, быў такі абураны, што ў Ваўкавыск прыслалі, а не ў Свіслачы разбіралі. Было бачна, што суддзя быў на маім баку. Але прыйшла інструкцыя і далі штраф.
Пакуль Віталь Гуляк вырашае, ці абскарджваць яму прысуд, бо гэта дасць магчымасць прайсці ўсе судовыя інстанцыі і звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. За ўдзел у Дні памяці ў Свіслачы па Гарадзенскай вобласці ўжо аштрафаваныя шэсць чалавек. Яшчэ дзевяць чалавек чакаюць разгляду сваіх адміністрацыйных справаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя