За дзевяць месяцаў у Беларусі затрыманы 550 парушальнікаў мяжы з ЕЗ
За дзевяць месяцаў 2015 года беларускімі памежнікамі затрыманы 550 парушальнікаў мяжы з Еўрапейскім звязам. Асноўная нагрузка прыпадае на прыбалтыйскі напрамак, дзе колькасць спыненых спроб парушэння мяжы вырасла амаль у 2,5 разы.
Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі, у асноўным сярод незаконных мігрантаў грамадзяне В’етнама (у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года іх колькасць павялічылася амаль у 4 разы), Грузіі (амаль у 1,5 разу), Афганістана (у 2 разы). На каналах незаконнай міграцыі сталі таксама фіксавацца прадстаўнікі Індыі, Ірака, Пакістана, Сірыі.
Адзначаецца асаблівая крымінальная цікавасць да мяжы з Латвіяй, якая звязана з кароткімі шляхамі падыходу груп незаконных мігрантаў з Расеі, адзначаюць у беларускім пагранведамстве. Менавіта тут актывізаваліся спробы арганізацыі ўстойлівых каналаў незаконнай міграцыі, за якімі стаяць трансгранічныя крымінальныя групоўкі як з Расеі, так і з краін зыходу.
Новай асаблівасцю гэтага года ў пагранведамстве называюць тое, што гэтыя групоўкі практычна адмовіліся ад вярбоўкі праваднікоў з беларускага памежжа, жыхары якога ў апошні час сталі больш актыўна супрацоўнічаць з органамі пагранічнай службы ў ахове мяжы і ўдзельнічаць у арганізацыі пагранічнай бяспекі ў сваіх рэгіёнах.
„Апасаючыся выкрыцця, злачынцы ўжо не рызыкуюць звязвацца з мясцовым насельніцтвам. Для суправаджэння груп незаконных мігрантаў, якія накіроўваюцца праз Расейскую Федэрацыю ў краіны Еўрапейскага звяза, у якасці праваднікоў і памагатых імі наймаюцца пераважна расейскія грамадзяне (выхадцы з каўказскага і сярэднеазіяцкага рэгіёнаў), а таксама жыхары латвійскага памежжа”, – гаворыцца ў паведамленні Дзяржпагранкамітэта Беларусі.