За экалагічны пікет на Вітольда Ашурка склалі пратакол



Лідскім РАУС складзены пратакол і пачаты адміністрацыйны працэс у дачыненні да грамадскага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка за экалагічны пікет.

26 красавіка, у 34-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, ён выйшаў да прахадной шклозавода “Нёман” з плакатам “Шкловата – наш Чарнобыль.” Такім чынам ён выказаў пратэст супраць заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра пабудову ў Бярозаўцы другога цэха па вытворчасці шкловаты, падчас свайго візіта на прадпрыемства 17 красавіка.

– Сітуацыя, якая склалася ў Бярозаўцы з гэтай заявай Лукашэнкі пра будаўніцтва другога цэха шкловаты на нашым заводзе, патрабуе адказу. Зразумела, што пікет і інтэрв’ю з журналістам – гэта рашучае НЕ, гэта адказ. Зрэшты, наколькі я ведаю, ніхто ў Бярозаўцы не хоча гэтага другога корпуса.

Першы цэх па вытворчасці шкловаты быў запушчаны ў Бярозаўцы яшчэ 5 гадоў таму. Што выклікала значнае забруджванне паветра ў наваколлі і хвалю абурэння сярод мясцовага насельніцтва. Заявы ж Аляксандра Лукашэнкі пра пашырэнне гэтай шкоднай выторчасці жыхары Бярозаўкі сустрэлі з вялікай заклапочанасцю і абурэннем.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя