За экалогіяй ў раёне «Азота» можна будзе назіраць пастаянна
Дадзеныя пра стан навакольнага асяроддзя, якія эколагі некалькі разоў у дзень бяруць на мяжы санітарнай зоны ААТ «Гродна Азот», будуць даступныя для ўсіх гараджан. Такое даручэнне даў старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.
І ў аблвыканкаме, і ў гарвыканкаме прапанавалі, каб у кожным друкаваным выданні побач з надвор’ем публікаваліся і вынікі пробаў паветра ў раёне хімічнага прадпрыемства. Таксама іх могуць трансляваць па абласным і гарадскім ТБ.
Падставай для такога рашэння паслужыла трагедыя ў траўні, калі на «Азоце» загінулі двое рабочых, а пра тое, што адбылося, людзі даведаліся толькі праз некалькі гадзін.
Дарэчы, звесткі пра стан навакольнага асяроддзя вакол «Гродна Азот» можна адсочваць і цяпер – на сайце прадпрыемства ёсць спецыяльны раздзел (http://www.azot.by/ru/protection/eckology/monitoring).
Фота БелТА