За год Беларусь атрымала ад Брытаніі $4 млн на чарнобыльскія праекты
Вялікабрытанія выдзеліла Беларусі каля 4 мільёнаў даляраў на праекты па мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 2015 годзе. Пра гэта ў інтэрв’ю праграме “Карціна свету” на тэлеканале РТР-Беларусь паведаміў амбасадар Беларусі ў Вялікабрытаніі і Ірландыі Сяргей Алейнік.
Паводле дыпламата, гэтыя сродкі пайшлі на сацыяльна значныя і гуманітарныя праекты на Гомельшчыне і Магілёўшчыне. Ён таксама адзначыў, што Брытанія займае трэцяе месца па колькасці дзяцей, якіх краіна прымае на рэабілітацыю ў рамках праграмы па аказанні дапамогі.
Сяргей Алейнік дадаў, што болей за дзесяць дабрачынных гуманітарных арганізацый Вялікабрытаніі ўжо шмат гадоў дапамагаюць нашай краіне ў мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі, перадае БелТА.
