За год беларусы атрымалі бязвізавы доступ яшчэ ў сем краін



За мінулы год грамадзяне Беларусі атрымалі бязвізавы доступ яшчэ ў сем краін. Пра гэта сведчыць апублікаваны 8 студзеня кампаніяй Henley & Partners абноўлены Індэкс пашпартоў, які адлюстроўвае апошнія змены ў бязвізавым рэжыме ўсіх краін свету.

У пачатку 2019 года беларусы, як і тры месяцы таму, маюць бязвізавы доступ у 77 краін. Беларусь паднялася ў індэксе на два радкі і цяпер займае 66-е месца са 104. Год таму грамадзяне рэспублікі маглі наведваць без візы 70 краін.

У першым квартале 2019 года лідарам індэкса стала Японія, грамадзяне якой могуць наведваць без візы 190 краін. Год таму першае месца займала Германія з паказчыкам 177 краін. Цяпер Германія дзеліць трэцяе месца з Францыяй (188 краін з бязвізавым наведваннем). На другім месцы Паўднёвая Карэя, якая за тры месяцы дадала Індыю ў спіс бязвізавых краін і паднялася ў індэксе на адну пазіцыю. Сінгапур таксама на другім месцы з паказчыкам 189 краін.

Вялікабрытанія і ЗША працягваюць губляць пазіцыі ў індэксе і цяпер займаюць 6-е месца (185 краін). Значнае падзенне з 1-га месца ў 2015 годзе эксперты тлумачаць палітыкай „зачыненых дзвярэй” абедзвюх краін.

Паказчыкі Расеі, Украіны і Казахстана за апошнія месяцы не змяніліся — 119, 128 і 76 краін з бязвізавым рэжымам адпаведна. Грузія заключыла дагаворы аб бязвізавым рэжыме з дзвюма дзяржавамі і цяпер займае 51-е месца з паказчыкам 114 краін.

Ірак і Афганістан застаюцца на апошнім месцы індэкса — у іх 30 краін з бязвізавым наведваннем.

Краіны з праграмамі атрымання грамадзянства праз інвестыцыі па-ранейшаму займаюць высокія месцы ў індэксе. Мальта, напрыклад, займае 9-е месца з доступам у 182 краіны. Сент-Кітс і Невіс і Антыгуа і Барбуда знаходзяцца на высокіх 27-м і 28-м месцах. Нядаўна Сент-Кітс і Невіс і Беларусь падпісалі дамову аб бязвізавым рэжыме, якая набудзе моц у найбліжэйшыя месяцы і зробіць карыбскі пашпарт яшчэ больш мабільным. Малдова, якая запусціла праграму „Грамадзянства праз інвестыцыі” восенню 2018 года, займае 46-е месца (122 краіны без візы). Чарнагорыя на адзін радок вышэй — 45-е месца з паказчыкам 123

belapan.by