За год беспрацоўе ў Беларусі вырасла на 33%



На 1 красавіка 2016 года ў Беларусі было 1,2% беспрацоўных. Гаворка ідзе пра афіцыйнае беспрацоўе. Гэта значыць, як мінімум кожны соты беларус зараз без працы.

Як паведамляе belta.by са спасылкай на Мінпрацы, за год беспрацоўе вырасла на 33%, а за апошні месяц – на 9%. У лікавым эквіваленце афіцыйных беспрацоўных зараз 53,5 тысячы чалавек.

Па дадзеных наймальнікаў, на 1 красавіка праца ў краіне ёсць толькі для кожнага другога, хто мае ў ёй патрэбу. У банку вакансій ўсяго 29,2 тысячы працоўных месцаў.

Палова з іх – з заробкам менш за 3 млн. рублёў. Зарабляць больш за 200 даляраў прапануе толькі чвэрць наймальнікаў.

Горш за ўсё сітуацыя з беспрацоўем складваецца ў Гомельскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях. Там знайсці працу не могуць 1,4% грамадзян. У Берасцейскай і Віцебскай – 1,3% насельніцтва, а ў Менскай – 1,2%. Самы нізкі ўзровень беспрацоўя ў сталіцы – 0,7%.

Фота ej.by