За год колькасць сексуальных злачынстваў супраць дзяцей вырасла на траціну



У Беларусі расце колькасць сексуальных злачынстваў супраць дзяцей, паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Мельчанка 25 красавіка на пасяджэнні круглага стала ў Менску.

Паводле яго слоў, павелічэнне колькасці фактаў сексуальнага насілля над непаўналетнімі сёння з’яўляецца сур’ёзнай праблемай. Толькі ў мінулым годзе выяўлена каля 300 такіх злачынстваў, на траціну больш, чым у 2016 годзе.

„Праблема яшчэ і ў тым, што гэтыя злачынствы носяць латэнтны характар”, — падкрэсліў намеснік міністра.

Таму, паведаміў Мельчанка, МУС дамовіўся з органамі аховы здароўя, каб медыкі паведамлялі праваахоўнікам аб кожным падазроным выпадку, выяўленым пры абследаванні непаўналетніх.

Акрамя таго, сексуальныя злачынствы супраць дзяцей характарызуюцца серыйнасцю, адзначыў ён. Адзін злачынец можа ўчыніць некалькі гвалтоўных дзеянняў.

„Шырокая даступнасць камп’ютарных і інтэрнэт-сетак, у тым ліку сярод малалетніх, дазваляе педафілам прымяняць да іх тактыку булінгу — ганення, якое заключаецца ў маніпуляцыі дзіцем для атрымання ад яго інтымных фатаграфій і далей уступлення з ім у сексуальную сувязь. Затым злачынцы прымушаюць дзяцей утойваць тое, што здарылася, шляхам шантажу і пагроз”, — расказаў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, МУС сумесна з зацікаўленымі органамі распрацаваў дарожную карту па прафілактыцы сексуальных злачынстваў у дачыненні да дзяцей, у тым ліку ў інтэрнэце, і супрацьдзеянні ім. Акрамя таго, палажэнні, якія прадугледжваюць павышаную абарону ад усіх формаў агрэсіі, знайшлі адлюстраванне ў канцэпцыі праекта закона „Аб папярэджанні насілля ў сям’і”, якая распрацоўваецца сілавым ведамствам.

Як паведаміў Мельчанка, вынікі інтэрнэт-апытання, праведзенага на сайце ведамства ў гэтым годзе, паказалі, што ў пераважнай большасці грамадства падтрымлівае прапанаваныя змены ў заканадаўства. У прыватнасці, яны ўтрымліваюць узмацненне жорсткасці адказнасці за сексуальныя злачынствы, а таксама правядзенне інфармавання непаўналетніх аб гэтым відзе злачынства.

Таксама намеснік міністра паведаміў, што па выніках 2017 года ў краіне знізілася колькасць наўмысных злачынстваў, звязаных з фізічным насіллем у дачыненні да дзяцей, у тым ліку забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Станоўчая тэндэнцыя захавалася і сёлета.

Разам з тым, падкрэсліў Мельчанка, даволі распаўсюджанай з’явай у Беларусі з’яўляюцца фізічныя пакаранні дзяцей бацькамі. „Такія метады выхавання маюць вынікам прычыненне сур’ёзнай шкоды здароўю, — сказаў ён. — Наша задача, перш за ўсё, не дапусціць у сем’ях жорсткага абыходжання з непаўналетнімі, каб выключыць трагедыю”.

belapan.by

Фота tengrinews.kz