За год па „палітычных” артыкулах асудзілі 945 чалавек
Роўна год таму, 29 верасня 2020 года, ў Беларусі быў вынесены першы палітычна матываваны прысуд за падзеі, звязаныя з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй. У той дзень у судзе Маладзечанскага раёна Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева асудзілі па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса за супраціў супрацоўнікам АМАПу падчас патасоўкі з сілавікамі на акцыі 19 чэрвеня, на якой АМАПавец дастаў пісталет. Суддзя Вікторыя Паляшчук пакарала іх пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму: Паўла Пяскова — на тры гады і тры месяцы, а Уладзіслава Еўсцігнеева — на тры гады. Цяпер Павел адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі, а Уладзіслаў — у навапалоцкай. 29 верасня мінулага году колькасць палітзняволеных у Беларусі складала 73 чалавекі, за год гэтая колькасць узрасла амаль у дзесяць разоў. Колькі чалавек асудзілі па крымінальных „пратэсных” артыкулах, колькі адправілі ў калоніі, самыя суровыя прысуды за год — „Вясна” прыводзіць лічбы крымінальнага палітычнага пераследу за год.
За год па „палітычных” артыкулах асудзілі 945 чалавек
На працягу гэтага года асноўным відам рэпрэсій стаў крымінальны пераслед грамадзян, якія адкрыта выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю і нязгоду з уладай. Дагэтуль штодзённа па ўсёй Беларусі працягваецца хваля затрыманняў па крымінальных справах, распачатых у сувязі з рэалізацыяй грамадзянамі сваіх асноўных правоў і свабод падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі летась. Усяго, па дадзеных сілавых ведамстваў, са жніўня 2020 года ў Беларусі распачалі 4691 крымінальных справаў у сувязі з падзеямі, звязаных з акцыямі пратэсту.
Па дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», за год беларускія суды асудзілі паводле палітычных крымінальных артыкулах мінімум 945 чалавек. З іх: 158 жанчын і 787 мужчын. За гэты год асудзілі за ўдзел у пратэстах асудзілі 17 непаўнагадовых, з іх 11 асудзілі да пазбаўлення волі ў выхаваўчых калоніях для непаўналетніх, астатніх — на „хімію”, „хатнюю хімію”. Суды Беларусі за гэты год пазбавілі волі амаль палову з усіх асуджаных — 439 чалавека, абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію») прысудзілі 234 чалавекам, да «хатняй хіміі» асудзілі 232 чалавека, пакаралі штрафам 12 чалавек, арыштавалі 23 чалавекі і толькі аднаму чалавеку ў якасці пакарання абралі прымусовую меру выхаваўчага характару.
Па самых „рэпрэсіўных” артыкулах асудзілі 731 чалавека
Самымі распаўсюджанымі артыкуламі Крымінальнага кодэксу, якія выкарыстоўваўліся ўладамі ў рэпрэсіўных мэтах супраць беларусаў, сталі арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках), арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Агулам па гэтых артыкулах асудзілі 731 чалавека.
Суды не рэагуюць на заявы абвінавачаных пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, катаванні, ціск і прымус да дачы сведчанняў на этапе папярэдняга расследавання. Суддзі выносяць абвінаваўчыя прысуды, засноўваючыся на паказаннях, атрыманых гвалтоўным шляхам з парушэннем вызначанага парадку.
10-18 гадоў калоніі — самыя суровыя прысуды за год
У Беларусі за апошні час былі вынесеныя восем самых суровых прысудаў, у тым ліку, экс-кандыдату ў прэзідэнты, былому вайскоўцу, адвакату і кіраўніцы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі — іх пазбавілі волі тэрмінам 10-18 гадоў. Усе асуджаныя прызнаны праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі:
– адваката Максіма Знака,берасцейца Аляксандра Кардзюкова і мінчукоў Аляксандра Троцкага і Ягора Міхайлава пазбавілі волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на 10 гадоў; – кіраўніцу штаба Бабарыкі Марыю Калеснікаву і інжынера Ціхана Осіпава асудзілі на 11 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму адпаведна; – экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыку — да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму былога капітан Генштаба Узброеных Сіл Дзяніса Урада асудзіліда 18 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму.