За год у Беларусі закрылася шэсць незалежных газет
За апошні год у Беларусі спынілі сваё існаванне шэсць недзяржаўных газет, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыс Гарэцкі.
Паводле яго слоў, чатыры газеты спынілі выхад з грамадска-палітычных прычын — яны не могуць друкавацца ў Беларусі. Гаворка ідзе пра выданні „Свободные новости плюс”, „Белгазета”, „Газета Слонимская” і „Народная Воля”. З-за фінансавых праблем у пачатку мінулага года перастала выходзіць газета „Борисовские новости”, а з 2021-га — „Вольнае Глыбокае”.
Распаўсюджанасць інтэрнэт-крыніц інфармацыі робіць выданне друкаваных СМІ нявыгадным, адзначыў прадстаўнік БАЖ. У той жа час, дадаў ён, такі фармат усё яшчэ запатрабаваны. „У многіх рэгіёнах выданні захоўваюць тыражы — гэта Intex-press у Баранавічах, „Информ-прогулка” ў Лунінцы, „Рэгіянальная газета” ў Маладзечне. Гэтыя выданні — вядучыя пастаўшчыкі незалежнай грамадска-палітычнай інфармацыі ў сваім рэгіёне. Вядома, у часы тэлеграм-каналаў і інтэрнэт-медыя людзі сочаць за парадкам дня праз інтэрнэт, але большасць мясцовых навін, нават у рэспубліканскай прэсе, з`яўляецца дзякуючы незалежным мясцовым выданням”, — растлумачыў Гарэцкі.
Традыцыйныя газеты, паводле яго слоў, захоўваюць свае пазіцыі ў рэгіёнах, дзе ў іх традыцыйна былі высокія наклады, і многія рэкламадаўцы хочуць размяшчаць рэкламу менавіта ў друкаванай прэсе.
У цэлым жа рэкламныя прыбыткі рэгіянальных незалежных СМІ падаюць, паведаміў БелаПАН прадстаўнік Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб`яднаныя масмедыі” і галоўны рэдактар газеты Intex-press Уладзімір Янукевіч.
Паводле дадзеных на кастрычнік 2020 года, друкаваныя выданні асацыяцыі ў сярэднім страцілі 32% даходаў ад рэкламы ў параўнанні з кастрычнікам 2019-га, анлайн-рэсурсы — 23%. Даходы ад продажу газет упалі на 10%. Сярэдні тыраж адной газеты зменшыўся з 5,35 тысячы ў сакавіку 2020 года да 4,89 тысячы — у кастрычніку.
Пры гэтым, адзначае Янукевіч, мінулыя выбары паказалі, што незалежныя рэгіянальныя выданні карыстаюцца даверам у людзей. „Калі пачаўся падзел грамадства па палітычных перавагах, мы ўбачылі каласальную патрэбу ў незалежнай інфармацыі ад пэўнай часткі грамадства. Гэта людзі, якія нячаста карыстаюцца інтэрнэтам, якія нават у сілу абмежаванняў па зроку лічаць за лепшае выкарыстоўваць папяровыя носьбіты. Гэтая аўдыторыя захоўваецца, і з ёй трэба працаваць”, — падкрэсліў прадстаўнік „Аб`яднаных масмедыяў”.
Ён мяркуе, што „ўсплёск цікавасці да незалежнай друкаванай прэсы яшчэ будзе ў свабоднай Беларусі”, паколькі застанецца вялікая аўдыторыя, якая цяпер чытае друкаваныя дзяржаўныя газеты.
Кажучы пра сітуацыю непасрэдна ў Intex-press, Янукевіч адзначыў, што наклад газеты не змяніўся, але калі яе адмовіліся прадаваць гандлёвыя сеткі, у выдання на 15% вырасла падпіска, і на 10% — распаўсюд праз уласную кур`ерскую службу. „Частка аўдыторыі, якая чытала дзяржаўную прэсу, перайшла да нас. У некаторых выпадках гэта адзначаюць і калегі”, — дадаў ён.