За год у Беларусі з’явілася звыш 200 аб’ектаў агратурызму



Паводле афіцыйных дадзеных, нягледзячы на пандэмію і вайну ва Украіне, што вельмі адбілася на турыстычнай галіне, ў Беларусі працягваецца павялічвацца колькасць аргасядзібаў. Так за год у краіне з’явілася звыш 200 аб’ектаў гэтага турыстычнага напрамку.

Але па словах дасведчанага адмыслоўца па турызму Таццяны Хвагінай, большасць айчынных аграсядзібаў зусім далёкія ад неабходнага зместу і сэнсу:

– Хтосьці адразу меў сваёй мэтай зрабіць нейкі аб’ект бізнеса. Зрабіць такі аб’ект, дзе можна было б праводзіць вяселлі, карпаратывы, юбілеі і так далей. Зарабляць някепскую капейчыну, а калі ўжо трэба, калі так здарыцца, што прыедуць і турысты, дык на гэтых самых сядзібах прыняць і турыстаў. Найчасцей – пакарміць, напаіць. Вельмі далёка тое, што прапануюе аграсядзіба ад таго, што павінен агратурызм паказаць.

Суразмоўца дадае, што аграсядзібай магчыма лічыць той аб’ект, які займаецца захаваннем і папулярэзацыяй лакальнага побыту, гісторыі і традыцый, прапануе нейкі турыстычны прадукт. А калі ж гэта гатэль-рэстарацыя на вёсцы, то такі статус яна і мусіць мець без усілякіх льготаў дзяржавы.

Беларускае Радыё Рацыя