За грамадзянскую актыўнасць адлічылі студэнтку Віцебскага медычнага ўніверсітэта



Пра сваё адлічэнне другакурсніца Паліна Нітчанка даведалася 1-га лютага, калі выйшла на волю з ізалятара часовага ўтрымання.

Са жніўня 2020-га году дзяўчыну 4 разы каралі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – за ўдзел у мірным шэсці 20-га верасня, за студэнцкую акцыю салідарнасці 26-га кастрычніка, за тое, што знялася ў відэароліку, дзе студэнты выказваліся супраць міліцэйскага гвалту і рэпрэсій, і  за фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам. Першыя два разы студэнтку штрафавалі, а  потым суды каралі дзяўчыну арыштамі: на 7 сутак за відэаролік і на 10 сутак – за фотаздымак.  Адміністрацыя ўніверсітэта паспрыяла таму, каб Паліну Нітчанку затрымалі, распавяла сяброўка адлічанай студэнткі Настасся Лявонцьева:

– Супрацоўнік міліцыі пайшоў ва ўніверсітэт, распытаў намесніцу дэкана 1-2 курсаў Перавалаву, потым намесніка дэкана 3-4 курсаў Казлоўскага, яны пазналі Паліну Нітчанку. Потым ён пайшоў да каменданткі інтэрната, яна таксама пазнала Паліну. Зараз мы збіралі подпісы, каб ёй дазволілі здаць іспыт пазней, бо яна сядзіць на сутках.

Подпісы ў падтрымку Паліны Нітчанкі  паставілі і студэнты, і выкладчыкі. Але адміністрацыя не саступіла: арышт не палічылі важкай прычынай. За тое, што студэнтка не здала своечасова апошні ў сесіі іспыт па гісталогіі, яе адлічылі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск