За гвалт над міліцыянтам судзяць гарадзенца



 У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 1 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Ігара Лазавіка, якога абвінавачваюць у тым, што пры затрыманні ён не менш як шэсць разоў ударыў міліцыянта. Справу ў дачыненні да Лазавіка завялі пасля таго, як ён выступіў у якасці сведкі ў судзе над сваім сябрам.

Абвінавачаны — 30-гадовы гарадзенец Ігар Лазавік, намеснік дырэктара прыватнай фірмы. Пацярпелы — камандзір роты АМАП Дзмітрый Рахунок. Сведкі — супрацоўнікі АМАПа Дзяніс Серада, а таксама Чарняўскі і Абрамчык.

Падзеі адбыліся ўвечары 11 жніўня. Чацвёра сяброў ездзілі па горадзе на машыне, у пратэстах, паводле іх слоў, не ўдзельнічалі. Калі яны спыніліся каля крамы на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, да машыны падышлі людзі ў чорнай форме без апазнавальных знакаў і пачалі біць па аўтамабілі. Кіроўца Аляксей Лапо паспрабаваў з’ехаць і зачапіў аднаго з невядомых. У выніку мужчын выцягнулі з аўтамабіля і жорстка затрымалі, трое з іх пасля гэтага патрапілі ў бальніцу. У лістападзе за гвалт у дачыненні да двух міліцыянтаў пачалі судзіць Лапо, а Лазавік праходзіў сведкам.

Паводле абвінавачання, Лазавік увечары 11 жніўня знаходзіўся ў машыне „Шкода Рапід”, кіроўца якой здзейсніў у той дзень правапарушэнне. Лазавік не разблакаваў дзверы машыны па патрабаванні міліцыянтаў. Пры „прымусовым выманні і затрыманні” Лазавік не менш за шэсць разоў ударыў камандзіра роты АМАПа Рахунка па тулаве, руках і нагах. Супрацоўніку за перыяд яго часовай непрацаздольнасці выплацілі 1.500 рублёў. Пракуратура падала грамадзянскі іск, каб Лазавік кампенсаваў гэтую суму.

Лазавік віну не прызнаў, растлумачыўшы, што нікога не біў. Мужчына сказаў, што катаўся з сябрамі па горадзе. Калі спыніліся на перакур, а потым зноў сабраўся ехаць, невядомыя сталі наносіць удары па машыне. Кіроўца спалохаўся і паспрабаваў з’ехаць. Ён зачапіў аднаго з людзей у чорным. Пазней аўтамабіль быў заблакаваны белым мікрааўтобусам, з яго выбеглі людзі ў чорным і разбілі шкло.

Лазавіка, паводле яго слоў, выцягнуў чалавек у чорным, як пазней высветліцца, гэта быў Рахунок, паклаў тварам у зямлю, ударыў па галаве, у выніку з вуха пацякла кроў, яго білі таксама па тулаве, нагах, ягадзіцах. Рукі сцягнулі за спінай. Так ён праляжаў прыкладна паўтары гадзіны. Потым прыехала хуткая і забрала Лазавіка, у яго дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму. На мужчыну склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у масавым мерапрыемстве, справу некалькі разоў прыпынялі і аднаўлялі. Пасля паказанняў у судзе па справе Лапо ў дачыненні да Лазавіка распачалі крымінальную справу.

Лазавік звяртаўся ў Следчы камітэт з заявай аб тым, што яго самога збілі 11 жніўня, аднак атрымаў адмову ў распачынанні крымінальнай справы.

Пацярпелы Зміцер Рахунок растлумачыў, што затрымліваў аднаго з пасажыраў „Шкоды”, бо былі падставы меркаваць, што людзі ў машыне здзейснілі правапарушэнне, прыняўшы ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Рахунок растлумачыў, што нікога не біў, а яго біў пасажыр Лазавік. Пасля затрымання ён адчуў востры боль у пальцы, у яго дыягнаставалі пералом фалангі.

У судзе абвешчаны перапынак да 2 лютага, на наступным пасяджэнні плануецца абвясціць пісьмовыя матэрыялы справы.

belapan.by