За гвалт у дачыненні да міліцыянта судзяць віцебскага мастака-разьбяра



9 снежня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 9 пачаў разглядаць крымінальную справу 27-гадовага разьбяра па дрэве Уладзіслава Макавецкага.

Яго вінавацяць у тым, што 6 верасня падчас вулічнага шэсця на вуліцы Праўды ў Віцебску ён “перашкаджаў законным дзеянням” малодшага сяржанта міліцыі Аляксандра Пятроўскага і старшага сяржанта Дзмітрыя Фядотава. У міліцэйскіх пратаколах засведчана, што Макавецкі замахваўся на Фядотава «рукамі і нагамі», спрабаваў яго ўдарыць і вусна пагражаў яму. За гэта старшы сяржант Фядотаў хоча атрымаць кампенсацыю памерам 200 рублёў. Малодшы сяржант Пятроўскі спадзяецца спагнаць 1000 рублёў – за тое, што падсудны замахнуўся на яго гумавым дручком, якім падняў з зямлі. Дручок міліцыянт сам жа і згубіў.

Падтрымаць падсуднага сабралася багата людзей, але ў залю пусцілі далёка не ўсіх, кажуць прысутныя:

-Не пусцілі ў залу – абмежаванне па колькасці месцаў. Гэта ўжо вядомая практыка, яны спасылаюцца на каронавірус.

– Яны ж ведалі, што прыйдуць людзі, бо гэта гучная справа. І вызначалі залу, якая, мабыць, найменшая ў гэтым судзе, каб людзі не змясціліся. Толькі 5 чалавек пусцілі. Але хоць пяць! Бо маем выпадкі, калі наогул нікога не пускалі!

Працэс вядзе суддзя Сняжана Кіндзеева, якая ўжо асудзіла да двух гадоў зняволення жыхара Віцебска Андрэя Цімафеенку. Яго таксама прызналі вінаватым у гвалце да службовай асобы і таксама судзілі ва ўмовах абмежавання колькасці прысутных.

Цяперашні падсудны Уладзіслаў Макавецкі свае віны не прызнае. Ёе сцвярджае, што не замахваўся на супрацоўніка дручком, не чыніў гвалту і не пагражаў. Паводле артыкула 362 КК, парушэнне якога інкрымінуюць хлопцу, яму пагражае да 6-ці гадоў пазбаўлення волі. З 18 верасня Уладзіслава Макавецкага трымаюць пад вартай, і ў дзень затрымання афіцыйны тэлеграм-канал МУС паведаміў, што хлопец нібыта “з’яўляецца ўдзельнікам апазіцыйнага руху, сур’ёзна захапляецца фашыстоўскай сімволікай і бярэ актыўны ўдзел у пратэстных акцыях”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск