За інтэрв’ю з Ціханоўскай пагражаюць крымінальнай справай



Галоўнага рэдактара баранавіцкай газеты Intex-press Уладзіміра Янукевіча чатыры з паловай гадзіны апытвалі ў мясцовай міліцыі.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, на яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Таксама праводзіцца праверка аб адкрыцці на яго крымінальнай справы паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса („Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”).  Прычынай усяго стала інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, апублікаванае ў газеце 14 красавіка.

Аўтара інтэрв’ю Людмілу Сцяцко таксама выклікалі ў міліцыю на 23 красавіка ў якасці сведкі. У позве не пазначана, па якой справе.  15 красавіка пракуратура вынесла Янукевічу афіцыйнае папярэджанне за інтэрв’ю з Ціханоўскай.

„Заўсёды кіруемся інтарэсамі чытачоў і іх правам на атрыманне інфармацыі. Гэта інтэрв’ю не стала выключэннем. Не разумеем, якія менавіта словы ў інтэрв’ю парушылі дзейнае заканадаўства. У міліцыі таксама не змаглі гэтага патлумачыць. Такое пачуццё, што не змест, а сам факт гэтага інтэрв’ю выклікаў прэтэнзіі да нас. Расцэньваем гэта як ціск на свабоду слова”, — пракаментаваў Уладзімір Янукевіч падзеі апошніх дзён.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: baj.by