За каментары пра загінулых на вучэннях пад Гародняй расейскіх дэсантнікаў затрымалі 11 чалавек
За каментары аб загінулых на вучэннях пад Гародняй расейскіх дэсантнікаў затрымалі 11 чалавек
ГУБАЗіК Міністэрства ўнутраных спраў выявіла больш за 50 чалавек, якія ў розных месэнджарах і сацыяльных сетках размясцілі абразлівыя выказванні ў сувязі з нядаўняй гібеллю на вучэннях у Беларусі ваеннаслужачых Расеі, гаворыцца ў тэлеграм-канале МУС.
„Усе, хто вырашыў паглуміцца над гэтай трагедыяй, прызнаны падазронымі па артыкуле 130 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – за распальванне сацыяльнай варожасці. 11 чалавек затрыманы і змешчаны ў Ізалятар часовага ўтрымання”, – удакладнілі ў ведамстве.
Там адзначылі, што „каментатары з’яўляліся падпісчыкамі экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў”.
Як паведамлялася, двое расейскіх дэсантнікаў загінулі ў лістападзе на вучэннях у Беларусі. Расейскае падраздзяленне ажыццявіла дэсантаванне на незнаёмай пляцоўцы прызямлення на палігоне пад Гожам у Гарадзенскім раёне, а таксама прыняло ўдзел у сумесным тактычным вучэнні з беларускімі вайскоўцамі.
«З прычыны раптоўнага моцнага парыву ветру адбылося сыходжанне парашутаў двух вайскоўцаў па кантракце. У абодвух парашутыстаў патухлі купалы», – гаварылася ў паведамленні Мінабароны Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя