За каментары ў «Аднакласніках» міліцыянт збіраецца прыцягнуць да адказнасці 97 чалавек
29 чэрвеня ў судзе Бярозаўскага раёна разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да Таццяны Дзямідчык, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса.
Справу вяла суддзя Алена Нямкова, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў пракурор Дзмітрый Яфімаў. Пацярпелым па справе праходзіў маёр міліцыі з Драгічанскага РАУС Юры Чарнышкоў.
Абвінавачаная абараняла сябе сама, ад паслугаў адваката адмовілася.
Паводле абвінавачвання, Таццяна Дзямідчык 14 жніўня 2020 года прыблізна ў 14 гадзін 26 хвілін знаходзілася па месцы жыхарства, мела намер і мэту публічна абразіць прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, а таксама з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады, пакінула каментар у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” пад фота Юрыя Чарнышкова наступнага зместу: “Маму шкада, урода нарадзіла”. Згодна з ацэнкай эксперта каментар утрымліваў негатыўную ацэнку супрацоўніка міліцыі.
Абвінавачаная віну прызнала. Суду патлумачыла, што знаходзілася дома, дзе даглядае хворага свёкра, пабачыла ў „Аднакласніках” інфармацыю, што Юры Чарнышкоў збіваў дзяўчыну, а пасля здаў яе АМАПу, пад эмоцыямі пакінула каментар. Асабіста з пацярпелым не знаёмая, але разумела, што ў сацсетцы размешчаная інфармацыя пра міліцыянта. На пытанне пракурора, чаму жанчына размясціла каментар, калі ўсведамляла, што ён абразлівы, Таццяна Дзямідчык адказала:
“Эмоцыі сыгралі, быў такі час! Паказвалі ўсё і паўсюль – бязладдзе, паводзіны міліціянераў”.
Суддзя дапытвала, чаму абвінавачаная каментар пакінула, калі самаго чалавека не ведае, маці яго не ведае, што ён зрабіў і кем працуе – таксама не ведае.
“Ну падзей шмат было, але не ўсе ж каментары такія пісалі?”
Суддзя абвясціла перапынак, каб абвінавачаная магла паразмаўляць з пацярпелым і папрасіць у яго прабачэння.
Суду пацярпелы патлумачыў, што 9 жніўня быў на службе, а ўвечары прыйшоў загад – накіраваць супрацоўнікаў Драгічанскага РАУС на ўзмацненне ў Пінск. Раніцай 10 жніўня яго служба працягнулася, а ўвечары паступіла інфармацыя, што ў Драгічыне будзе праходзіць несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Тыя, хто знаходзіўся на дзяжурстве больш за суткі, у тым ліку і Чарнышкоў, сядзелі ў аўтобусе. Па сутнасці ягонай задачай была забяспячэнне аховы перыметра плошчы Леніна ў Драгічыне. Каго там затрымлівалі ён не ведае, пазней была дадзеная каманда падыйсці бліжэй да райвыканкама. Сам пацярпелы ўдзельнічаў у затрыманні двух хлопцаў, якія праводзілі “несанкцыянаваную відэаздымку з аўтамабіля”. Больш ніякіх затрыманняў не праводзіў, аднак зрабіў жанчыне заўвагу, якая лаялася на вуліцы, на што яна выказала пагрозы ў адрас дзяцей Чарнышкова.
“Ніякіх жанчын я не затрымліваў і не збіваў, шмат гадоў адпрацаваў у МУС – начальнікам і ўчастковым. У мяне самаго дзве дачкі дарослыя, жонка і састарэлая маці… Менавіта жонка пабачыла інфармацыю з фота, ёй сталі паступаць пагрозы”, — распавёў Юры Чарнышкоў.
Пагражалі не толькі жонцы і самаму пацярпеламу, але і яго дочкам, прабівалі колы ў яго аўтамабілі, кідалі бутэльку і пабілі вакно ў кватэры, таксама падпалілі чатыры аўтамабілі, якія стаялі ў яго двары. Пасля гэтага міліцыянер падаў заяву ў Следчы камітэт. Ён таксама пакінуў свой нумар тэлефона следчаму на выпадак, калі нехта захоча выбачыцца. Аднак за ўвесь час патэлефанаваў толькі адзін чалавек.
Выявілася, што пад фота з выявай Чарнышкова, было пакінута 97 каментароў, усіх іх аўтараў ён збіраецца знайсці і прыцягнуць да адказнасці. Суд над Таццянай Дзямідчык – гэта ўжо пяты працэс, дзе Юры Чарнышкоў праходзіць пацярпелым.
“Выбачэнні – як такія нічога не значаць. Я яе разумею, але яна павінна зразумець і мяне. А мне і далей трэба працягваць увесь гэты боль – судовыя разбіральніцтвы”.
На строгім прысудзе для Дзямідчык міліцыянер не настойваў, але запрасіў кампенсацыю нанесенай маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў, бо моцна пацярпеў яго імідж.
Абвінавачая пагадзілася з выплатай кампенсацыі, але адзначыла, што сума для выплаты вельмі вялікая, бо яе заробак складае толькі 250 рублёў.
Пасля азнаямлення з пісьмовымі матэрыяламі справы, пракурор Дзмітрый Яфімаў у спрэчках бакоў прасіў прызначыць пакаранне для Таццяны Дзямідчык у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў, а таксама задаволіць іск на кампенсацыю маральнай шкоды з прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.
У выніку суд пастанавіў прызнаць Таццяну Дзямідчык вінаватай у здзясненні злачынства па арт. 369 Крымільнага кодэкса і пакараў яе 1,5 годам “хатняй хіміі”. Акрамя таго жанчына павінна выплаціць кампенсацыю пацярпеламу ў памеры 1500 рублёў.