За колькі прададуць сядзібу Радзівілаў пад Баранавічамі?
На 1 снежня прызначаны паўторны аўкцыён па продажы сядзібы Радзівілаў у вёсцы Паланэчка Баранавіцкага раёна.
Як паведамляе Берасцейскі аблвыканкам, на аўкцыён выстаўлена нерухомая гісторыка-культурная каштоўнасць „Будынак былога палаца”: двухпавярховы цагляны будынак 1836 года пабудовы плошчай больш за 1,6 тысячы квадратных метраў, сталовая з трыма прыбудовамі, кацельня і зямельны ўчастак плошчай 3,3671 га.
Прадавец нерухомай маёмасці — аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама. Пачатковая цана — 19.210 рублёў 72 капейкі (паніжана на 80%). Сума задатку — 3.800 рублёў.
Сярод умоў конкурсу — заключэнне дагавора на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю (рэстаўрацыю) аб’екта на працягу 45 дзён з даты падпісання акта прыёму-перадачы аб’екта. Правядзенне яго рэканструкцыі (рэстаўрацыі) у тэрміны, прадугледжаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй; падпісанне ў Міністэрстве культуры ахоўнага абавязацельства на гісторыка-культурную каштоўнасць, выкарыстанне аб’екта на працягу трох гадоў з часу ўводу ў эксплуатацыю.
Конкурс намечана правесці ў Берасцейскім аблвыканкаме. Дакументы для ўдзелу ў ім прымаюцца па 30 лістапада ўключна.
Як паведамляе баранавіцкі партал Intex-press, у 2014 годзе гэты будынак быў прададзены ТАА „Спецактыўбуд-інвест”. Фірма не магла выплаціць канчатковы кошт палацавага комплексу і знайсці інвестара на рэстаўрацыю, і ўлады канфіскавалі ў яе сядзібу, каб зноў выставіць на таргі.
У 2016 годзе яна выстаўлялася на аўкцыён. Тады яе прадавец — аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама — запытаў за аб’ект амаль 77 тыс. рублёў.
Палац Радзівілаў у Паланэчцы з’яўляецца помнікам архітэктуры эпохі класіцызму. Ён быў пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя па загадзе Мацея Радзівіла. Нашчадкі Радзівілаў жылі ў палацы да 1939 года. У часы Другой сусветнай вайны палац у Паланэчцы моцна пацярпеў, але быў адноўлены. У яго сценах размясцілася школа-інтэрнат. У 90-я гады з-за таго, што доўгі час не праводзіўся капітальны рамонт будынка, у ім праваліўся дах. Школу-інтэрнат перавялі, палац аказаўся закінутым.