За маляванне сцягоў менчукоў асудзілі да штрафаў на 4350 рублёў кожнага



У судзе Савецкага раёна г. Менска 21 верасня вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Фурса і Наталлі Шэпель, якіх вінавацілі ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Волк

Нагадаем, абвінавачаных затрымалі яшчэ ўвечары 29 красавіка, калі “неабыякавая грамадзянка” паведаміла ў міліцыю, што невядомыя людзі малююць бела-чырвона-белыя сцягі на збудаваннях па вул. Багдановіча ў Менску. На месца выехалі міліцыянты і затрымалі Аляксандра і Наталлю, адразу супраць іх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне) нібыта за адмову прайсці ў службовы аўтамабіль. У РАУС у затрыманых канфіскавалі балоны з белай і чырвонай фарбай, а таксама налепкі з “незарэгістраванай сімволікай”, знялі прызнальнае відэа. Суддзя Аляксандр Воўк і Сяргей Шаціла асудзілі адпаведна Шэпель і Фурса на 5 сутак арышту. Тады ж высветлілася, што супраць затрыманых узбуджаная крымінальная справа за псаванне маёмасці, а дома ў іх прайшлі вобшукі. Пасля сутак і Наталля, і Аляксандр былі адпушчаныя пад залог у памеры 1450 рублёў кожны.

Менавіта тыя падзеі леглі ў абвінавачванне па крымінальнай справе. На судзе Аляксандр Фурс віну прызнаў цалкам, сцвярджаў, што наносіў малюнкі толькі ён. Наталля Шэпель віну не прызнала, ад дачы паказанняў адмовілася.

Суддзя Аляксандр Волк пастанавіў прызнаць Аляксандра Фурса і Наталлю Шэпель вінаватымі ў псаванні маёмасці ў іншых грамадскіх месцах і прызначыць ім пакаранне ў выглядзе штрафа ў памеры 150 базавых велічынь (4350 рублёў) кожнаму.

spring96.org