Па Міколу Саляніка прыехаў нарад міліцыі
Пераследы грамадскіх актывістаў пачаліся на Гарадзеншчыне. Міліцыянты пачалі рэйды па ўдзельніках, якія прысутнічалі 6-га траўня ў парку Жылібера на сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Усочвае падзеі праваабарончы цэнтар „Вясна”, кажа праваабаронца Віктар Сазонаў.
– Зараз, як мы размаўляем, стаіць нарад міліцыі за машынамі пад хатай Мікалая Саляніка. Жонка сказала, што Саляніка няма, але яны ўсё роўна не з’язджаюць. Як мы ведаем, учора міліцыя папросту лютавала ў Лідзе. Рэзка яны ўсе абудзіліся і пачалі ездзіць па людзях, якія былі на сустрэчы з Цеханоўскім.
Агульны ціск на грамадска-актыўных беларусаў праводзіцца, на думку праваабаронцы, па трох прычынах: пачатак выбарчай кампаніі, сумніўная і супярэчная афіцыйная інфармацыя пра пандэмію каронавірусу, а таксама правядзенне вайсковага параду на 9-га траўня. Прадухіліць нібыта „медыйнае ачарненне” стану ў Беларусі – ставіцца галоўнай задачай у прэвентыўных затрыманнях і судах у гэты час.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя