За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.917 выпадкаў COVID-19



 За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.917 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

За суткі колькасць выяўленых хворых нязначна знізілася — 23 снежня было 1.922 выпадкі каронавіруса, памерлі восем чалавек.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 181.113, памерлі 1.358 пацыентаў з каронавірусам. Паправіліся 159.437 чалавек. Выпісаныя з устаноў аховы здароўя 2.358 пацыентаў.

За мінулыя суткі выканана 27.514 тэстаў. Усяго ў краіне праведзена 3.854.965 тэстаў на каронавірус.

Аляксандр Лукашэнка 22 снежня падчас нарады па пытаннях распрацоўкі супрацьвірусных вакцын і лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын паабяцаў, што Беларусь будзе забяспечана вакцынай ад каронавіруснай інфекцыі COVID-19. „Незалежна ад таго, выйдзем мы на вытворчасць вакцыны ў разумныя тэрміны ці не, хачу, каб грамадства ведала — краіна будзе забяспечана вакцынай, і кожны ахвотны зможа мець да яе свабодны доступ”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Паводле яго слоў, перадусім будуць прышчэпленыя найбольш неабароненыя слаі насельніцтва: пажылыя людзі, медыкі, настаўнікі, гандлёвыя работнікі. „Для гэтага мы заўсёды знойдзем сродкі, і абавязаны гэта зрабіць”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Днём раней міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч паведаміў, што ў краіне выдадзена рэгістрацыйнае пасведчанне на расійскую вакцыну „Спадарожнік V” і вакцынацыя беларусаў гэтым прэпаратам пачнецца ў студзені 2021 года. Чыноўнік паведаміў, што ў Беларусі да канца вясны плануюць вакцынаваць ад COVID-19 1,2 млн чалавек, а затым „выйсці на паказчык 5,5 млн вакцынаваных”.

belapan.by