За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.916 выпадкаў COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.916 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. Выпісана з бальніц 2.395 пацыентаў, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
25 снежня было 1.893 выпадкі каронавіруса і таксама дзевяць смерцяў.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 184.922, памерла 1.376 пацыентаў з каронавірусам. Паправіліся 164.538 чалавек.
За мінулыя суткі выканана 28.807 тэстаў на каронавірус (усяго 3.912.583).
25 снежня Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Менска паведаміў, што ў Беларусі для вакцынацыі ад COVID-19 плануецца выкарыстоўваць пяць-шэсць вакцын розных вытворцаў.
„Мы плануем [прышчапіць] 1,2 млн. А колькі будзе, залежыць ад вас. Можа, і два мільёны. Залежыць ад таго, як людзі пойдуць на гэта. Хочуць вакцынавацца — калі ласка, мы дамо магчымасць. Прытым плануем выбар вакцын”, — сказаў Лукашэнка.
Раней за ўсё пачнуць прышчапляць расійскай вакцынай, якую Беларусь плануе закупіць, а таксама вырабляць на айчынных прадпрыемствах. Будзе прадастаўлена і магчымасць зрабіць прышчэпку вакцынамі іншых краін і вытворцаў. Гэта дапаможа вызначыцца з тым, якая з вакцын найбольш эфектыўная. „Каб не было крытыкі з вашага боку, — адзначыў Лукашэнка. — І ніхто ж не ведае, якая лепш на сёння вакцына. Мы плануем пяць-шэсць вакцын. У залежнасці ад таго, як дамовімся. Зараз гэта вялікі дэфіцыт”.
Лукашэнка прызнаўся, што ён асабіста адносіцца да катэгорыі скептыкаў, якія лічаць, што пры нармальным ладзе жыцця чалавек мае ў прынцыпе дастатковы імунітэт для супрацьстаяння шматлікім захворванням. Аднак для тых, хто хоча абараніць сябе вакцынай, такая магчымасць будзе дадзеная: „Вакцынацыя будзе. Захочаце — вакцынуйцеся, не захочаце — нікога прымушаць не будзем. Вырашайце самі”.
belapan.by