За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.711 выпадкаў COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.711 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 2.013 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, пасля чатырох дзён паступовага зніжэння захворвання, за суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 вырасла амаль у два з паловай разы — 2 лютага іх было 699. Рэкорд захворвання прыйшоўся на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 251.705, памерлі 1.746 пацыентаў з каранавірусам. Ачуняў 239.191 чалавек.
За мінулыя суткі выканана 13.909 тэстаў на каранавірус, што ўдвая больш, чым днём раней (усяго — 4.502.730).
У Беларусі 19 студзеня пачалася вакцынацыя медработнікаў ад каранавіруса расійскай вакцынай „Спадарожнік V”. Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, гэтую працэдуру прайшлі ўжо прыблізна 10 тыс. спецыялістаў па ўсёй краіне — больш за 51% медработнікаў, якія выказалі жаданне прышчапіцца ў першую чаргу.
Пасля ўрачоў, медсясцёр стацыянараў і паліклінік, спецыялістаў станцый хуткай дапамогі вакцынаваць пачнуць работнікаў устаноў адукацыі, сацработнікаў і іншых асоб. Днямі ў Беларусь паступіла яшчэ адна партыя вакцыны — 20 тыс. доз.
Масавую вакцынацыю насельніцтва Міністэрства аховы здароўя мае намер распачаць крыху пазней. Цяпер спецыялісты збіраюць інфармацыю пра тых, хто хацеў бы прайсці яе бясплатна.
Фота: МН