За мінулыя суткі ў Беларусі зноў зафіксаваны прырост інфікаваных COVID-19



 Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 68.376 (+124 за апошнія суткі), памерла 577 чалавек (+3), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

За мінулыя суткі адзначаны прырост інфікаваных (у папярэднія суткі было выяўлена 84 новыя выпадкі і тры смерці).

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 63.425 пацыентаў (за апошнія суткі 262). Такім чынам, вылечылася 92,7% захварэлых.

Праведзена 1.334.868 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 9.092.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх і якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як тры месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

4 жніўня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з пасланнем народу і парламенту, адзначыў, што Беларусь пераадолела пандэмію каронавіруса. „Эпідэмія сур’ёзна праверыла на трываласць і наша грамадства. Асноўная выснова: мы вытрымалі гэты экзамен і справіліся з гэтай бядой. Хто не сляпы, той бачыць. Хто не хоча гэтага бачыць, ён заўсёды будзе сляпым”, — заявіў ён.

Плюсамі беларускай сістэмы аховы здароўя Лукашэнка назваў захаваныя інфекцыйныя бальніцы, санітарныя службы, дастатковы ложкавы фонд, забяспечанасць дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем. „Галоўнымі мінусамі і небяспекай былі невядомасць новага віруса, масавы характар яго распаўсюджвання, адсутнасць адзіных апрабаваных методык лячэння. Але на другой шалі, якая ў выніку пераважыла, у нас былі беларуская навука, самаадданасць лекараў і, самае галоўнае, годныя паводзіны грамадзян, асабліва старых. У нашых шпіталях не сартавалі хворых, як на фронце: маладзейшы, мацнейшы — будзе жыць, будзем лячыць, ратуем, а гэта стары, ён і так адыдзе”, — заявіў афіцыйны лідар.

„На кожным этапе барацьбы з гэтай бядой мы прымалі адэкватныя меры, — лічыць Лукашэнка. — І сёння ўсе краіны прызнаюць, што мы зрабілі правільна. Але які націск быў спачатку? Шаблонныя для ўсіх краін рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, неадкладны каранцін, каменданцкая гадзіна, закрыццё межаў, спыненне прадпрыемстваў. Як вы разумееце сёння мяне, на гэта я пайсці не мог”.

Лукашэнка прызнаў, што, „вядома, не ўсё было гладка, у такім напружанні немагчыма было абысціся без лакальных памылак і перагібаў”. „Многія людзі былі незадаволеныя. Але галоўнае — адэкватная рэакцыя з боку ўлады на крытыку. Мы імгненна стараліся выпраўляць недахопы. Уся „вертыкаль” улады працавала зладжана. Прэзідэнт штодня раніцай і ўвечары прымаў даклады штабоў і каардынаваў усю працу ўрада і рэгіёнаў… Запатрабаванне з кадраў было арганізаванае па стандартах ваеннага часу, але без хаосу, панікі”, — сказаў ён.

Паводле слоў афіцыйнага лідара, удалося выратаваць пажылых людзей у дамах састарэлых, якіх у краіне 150. „Вы бачылі, як на Захадзе: пакуль прыедуць лекары — няма ні аднаго жывога чалавека. Мы гэтых людзей выратавалі”, — адзначыў ён.

У гэты ж дзень Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што бальніцы Беларусі завяршаюць пераход да звычайнага рэжыму працы і большасць з іх ужо прымаюць планавых пацыентаў.

Міністэрства таксама праінфармавала, што з 4 жніўня з пераліку краін, пасля вяртання адкуль патрэбная абавязковая двухтыднёвая самаізаляцыя ў сувязі з каронавірусам, выключаныя яшчэ пяць дзяржаў: Азербайджан, Манголія, Танзанія, Фіджы і Шры-Ланка. 15 ліпеня са спіса была выключаная Расія.

„Асобы, якія прыбылі з гэтых краін, не абавязаныя знаходзіцца ў самаізаляцыі 14 каляндарных дзён з дня прыбыцця ў Рэспубліку Беларусь”, — адзначаецца ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя.

У спісе эпідэміялагічна праблемных па COVID-19 краін, згодна з інфармацыяй міністэрства, застаюцца 100 дзяржаў, у тым ліку суседняя Украіна.

belapan.by