За мінулыя суткі ў Польшчу не ўпусцілі больш за 300 нелегальных мігрантаў з боку Беларусі



Двух мігрантаў — грамадзян Ірака — затрымалі, астатніх на тэрыторыю краіны не ўпусцілі.

Адзначаецца, што 15 верасня за дапамаганне ў нелегальным перасячэнні мяжы затрымалі шасцярых іншаземцаў: двух грамадзян Румыніі, двух — Расіі, а таксама грамадзян Таджыкістана і Украіны. Іх дэпартуюць з Польшчы.

Згодна з звесткамі памежнай службы, з 1 студзеня па 12 верасня затрыманы 1.481 чалавек, які незаконна трапіў у Польшчу з Беларусі. Палова — грамадзяне Ірака, астатнія — Сірыі, Афганістана, Расіі, Самалі, Таджыкістана, Ірана, Егіпта, Кубы.

Дзяржаўная памежная ахова Латвіі на сваім сайце паведаміла, што за апошнія суткі зафіксаваныя спробы незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы 28 замежнікамі. Семярых чалавек затрымалі — іх траплянню на тэрыторыю краіны не перашкаджалі з-за гуманітарных прычын.

Адзначаецца, што з 10 жніўня, калі ў сумежных з Беларуссю раёнах было ўведзенае надзвычайнае становішча, у Латвію не ўпусцілі 1.194 нелегальныя мігранты. За гэты ж час 32 чалавекі былі прапушчаныя з-за гуманітарных прычын. Усяго з пачатку года ў краіне затрымана 384 іншаземцы, якія незаконна перайшлі мяжу.

Звесткі пра сітуацыю на літоўска-беларускай мяжы за апошнія двое сутак адсутнічаюць.

З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча — надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.

8 верасня прадстаўніцтва ЕС заявіла дэмарш Міністэрству замежных спраў Беларусі „ў сувязі з незаконнымі перасячэннямі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз”.

„Еўрапейская служба знешніх дзеянняў сцвярджае, што назіранае 50-разовае павелічэнне нерэгулярных пераходаў мяжы з Беларусі ў ЕС не з’яўляецца адлюстраваннем няздольнасці ўладаў Беларусі выконваць свае абавязацельствы ў барацьбе з незаконнай міграцыяй і гандлем людзьмі, — гаварылася ў паведамленні на сайце прадстаўніцтва ЕС. — Для такога рэзкага росту колькасці нелегальных пераходаў мяжы на разгляданым маршруце няма аб’ектыўных прычын. ЕС асуджае выкарыстанне мігрантаў у палітычных мэтах і настойліва заклікае ўлады Беларусі спыніць гэтую практыку”.

У той жа дзень МЗС Беларусі выступіла з крытыкай дэмаршу. У знешнепалітычным ведамстве заявілі: „Спрабаваць сцвярджаць, што Беларусь нейкім чынам датычная да росту колькасці пераходаў мяжы, па меншай меры некампетэнтна і непрафесійна. Мы не маем нічога агульнага з сапраўднымі прычынамі росту патокаў міграцыі з праблемных рэгіёнаў. А вось краіны ЕС як удзельніцы вядомых кааліцый маюць да гэтага наўпростае дачыненне”.

Разам з тым у МЗС адзначылі, што Беларусь „гатовая да канструктыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з ЕС” па міграцыйнай праблематыцы. „Мяжа для нас — заўсёды лінія супрацоўніцтва, а не рознагалоссяў”, — падкрэслілі ў міністэрстве.

Беларускае Радыё Рацыя