За налепку з Пагоняй на машыне жанчыну арыштавалі на 10 сутак



За налепку з Пагоняй на машыне жыхарку Менска арыштавалі на 10 сутак.

У судзе Савецкага раёна Менска разглядзелі справу 53-гадовай Аксаны Зыбінай. Справу вёў суддзя Сяргей Шаціла, паведамляюць праваабаронцы.

Аксану затрымалі 9 лістапада за налепку з Пагоняй на багажніку яе аўтамабіля, які яна звычайна паркуе каля Савецкага РУУСа. У той дзень ёй патэлефанавалі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі падысці да сваёй машыны. Як стала вядома ў судзе, затрыманне адбылося па скарзе «неабыякавага грамадзяніна», які паведаміў пра налепку ў «інфармацыйны чат-бот 102».  

На судзе жанчына пагадзілася, што на машыне была налепка з гербам, але яна не бачыць у гэтым правапарушэння. Па яе словах, Пагоню яна наляпіла яшчэ ў 2018 годзе да стагоддзя БНР. Яна растлумачыла, што вельмі любіць Беларусь і цікавіцца яе гісторыяй. «Ніякія грамадска-палітычныя погляды налепкай я не выказвала, толькі любоў да Радзімы».

У выніку, суддзя Шаціла пакараў яе па арт. 24.23 КаАП 10-сутачным арыштам.

Беларускае Радыё Рацыя