За народ у малітве да галоўнага апекуна Касцёлу на Беларусі
Больш за паўсотню чалавек сабраліся на нядзельную імшу на Міхальскай гары пад Нясвіжам. Прысутныя маліліся за вырашэнне крызісу ў Беларусі і вяртанне арцыбіскупа Кандрусевіча на Радзіму.
З вітальным словам да прысутных звярнуўся ксёндз-канонік Нясвіжскага касцёлу Божага цела Пётр Шарко:
– За нашу Бацькаўшчыну, за Айчыну просім у гэтай малітве ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчны. Таксама молімся за мітрапаліта, за яго хутчэйшае вяртанне на Радзіму. На гэтым цудоўным пагорку, я думаю, Міхал Арханёл у Бога выпрасіць здзейсніць гэты цуд для нашай краіны, для нашага мітрапаліта аб хутчэйшым вяртанні.
На Міхальскай гары раней узвышаўся касцёл св. Міхала Арханёла. Імаверна, што туды з Нясвіжскага замку вёў падземны ход. Да мінулага году Міхальская гара знаходзілася ў закінутым стане. Цяпер на ёй распачата традыцыя сустрэч у гонар Арханёла Міхала, які лічыцца асаблівым апекуном Каталіцкага Касцёлу на Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск