За „Народны рэферэндум” на Берасцейшчыне сабрана больш 10 тыс. подпісаў
Больша за дзесяць тысяч подпісаў у падтрымку ’’Народнага рэферэндуму’’ сабрана ў Берасцейскай вобласці. Пра гэта паведаміў адзін з каардынатараў кампаніі ’’Гавары Праўду!’’ на Берасцейшчыне Ігар Маслоўскі. Са словаў палітыка, пасля апошніх падзеяў у краіне і пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча грамадзян, людзі сталі праяўляць большую цікаваць да ініцыятывы па правядзенню рэферэндума:
– Зараз подпісы пачалі збірацца лепей, таму што людзі разумеюць, што, такія важныя пытанні – як адукацыя, ахова здароўя – іх узровень пагаршаецца. Улады плануюць гэтыя сферы рабіць больш камерцыйнымі, і таму, на працэнтаў 5-7, павысілася актыўнасць тых, хто ставіць подпісы.
Агулам па рэспубліцы ўжо сабрана каля 80-ці тысяч подпісаў. Першая частка подпісаў, роўная 50-ці тысячам, ужо была накіравана да Палаты прастаўнікоў Рэспублікі Беларусь. Для афіцыйнага правядзення рэферэндуму на рэспубліканскім узроўні неабходна сабраць 400 тысяч подпісаў. Кампанія – доўгатэрміновая, і збор подпісаў пад зваротам плануецца яшчэ на некалькі год.
Беларускае Радыё Рацыя