За нашу і вашу вольнасць!
Старшыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык просіць прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці падтрымаць ідэю вылучэння палітвязня Мікалая Статкевіча як кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Па словах Вячаслава Сіўчыка, сам ён неаднойчы падтрымліваў акцыі Саюза палякаў на Беларусі.
– Звяртаюся таксама да прадстаўнікоў польскай меншасці, якія маюць вялікі ўплыў на Гарадзеншчыне. Хачу нагадаць, што мы былі заўсёды разам у цяжкія часы лукашэнкаўскай дыктатуры, якая вынішчае беларускую нацыю і не дае развівацца нашым традыцыйным нацыянальным меншасцям нашай краіны. Я асабіста не раз браз удзел у акцыях Саюзу палякаў, бо мы памятаем лозунг нашых продкаў: “За нашу і вашу вольнасць!”
Аргкамітэт па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты створаны 25 чэрвеня. У яго склад увайшлі прадстаўнікі аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, „Маладога фронту”, руху „За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, а таксама руху салідарнасці „Разам”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя