За нібыта напад на амапаўцаў Уладзімір Жыхар прыгавораны да пяці гадоў



Суд Савецкага раёна Менска 30 красавіка прыгаварыў да пяці гадоў пазбаўлення волі Уладзіміра Жыхара, які мінулым летам падчас маршу ў мікрараён Дразды быццам бы выхапіў у супрацоўніка міліцыі траўматычны пісталет „Аса” і збіў некалькіх амапаўцаў.

Пацярпелыя амапаўцы ў судзе.

Як паведамляюць праваабаронцы, Жыхара абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і ч. 2 арт. 206 (грабеж, злучаны з гвалтам, альбо з пагрозай прымянення такога гвалту).

Суддзя Аляксандр Якунчыхін прызнаў мужчыну вінаватым і паводле арт. 342 прыгаварыў яго да трох гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, паводле арт. 364 КК — да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паводле арт. 206 КК — да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Канчатковы вердыкт — пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такое пакаранне і запытвала пракурор Анастасія Маліка.

Па справе праходзілі пацярпелымі восем амапаўцаў. У якасці кампенсацыі маральнай шкоды Жыхар павінен выплаціць шасці з іх па 1 тыс. рублёў, аднаму — 3 тыс.

Згодна з матэрыяламі следства, 13 верасня 2020 года Жыхар з групай асоб парушаў працу транспарту, перашкаджаў працаваць цырульні „Кот Матроскін”, краме „Фікс-Прайс”, аптэцы. У гэты дзень у Менску праходзіў Марш герояў.

„Па дарозе да мікрараёна Дразды па Ціхім завулку каля дома 6, маючы намер ужыць гвалт да супрацоўніка АМАПа Грыбоўскага, схапіў яго і паспрабаваў выцягнуць з аўтамабіля. Пагражаў ужываннем гвалту камандзіру Бураку, Дзямідаву, Кісялёву, Крукаву з мэтай перашкодзіць выкананню іх абавязкаў. Спрабаваў таксама выхапіць траўматычны пісталет”, — было заяўлена ў судзе.

Прадстаўнік прадпрыемства „Менсктранс” выставіў Жыхару матэрыяльны ўрон з-за перабояў у працы грамадскага транспарту ў памеры 30.001 рубель 82 капейкі. Суд прызнаў права спагнання матэрыяльнай шкоды з абвінавачанага ў грамадзянскім працэсе.

Абарона абвінавачанага заявіла, што падабаронны ішоў па пешаходнай частцы вуліцы і не мог перашкаджаць руху транспарту. Адвакат настойваў, што пісталет у амапаўца Леснікова забіраў зусім іншы чалавек, а на відэазапісе прэс-цэнтра МУС відаць, што Жыхара збіваюць два чалавекі, хоць прызнаецца ў гэтым збіцці толькі Крукаў. Жыхар напісаў заяву ў РУУС па факце збіцця, аднак яе не прынялі.

У апошнім слове 28 красавіка Жыхар адзначыў: „Я не ведаю, што сказаць у гэтай сітуацыі, у гэтай краіне, дзе выбарчыя правы мае не ўлічваюцца, дзе можна вось так выварочваць усё што заўгодна, дзе грамадзянскія правы, дадзеныя нам Канстытуцыяй, а менавіта выйсці і адкрыта выказаць сваё меркаванне, парушаныя. У нас адабралі права абараняць сваё жыццё. Хочацца верыць, што калі-небудзь краіна стане вольнай і наш народ будзе жыць на сваёй зямлі”.

belapan.by