За падлікам галасоў будуць сачыць пільна



Сёння, 17 лістапада,  пасля фінальнага дня галасавання пройдзе доўгачаканы падлік галасоў. За ім будуць пільна сачыць незалежныя назіральнікі. Ранейшы іх досвед сведчыць аб тым, што падлік праходзіць не зусім зразумелым чынам.

Стас Шашок, каардынатар камунікацыяў ініцыятывы Legalize Belarus, а таксама кандыдат у дэпутаты ад Моладзевага блока, неаднаразова быў назіральнікам на мінулых выбарах усіх відаў: на мясцовых у 2014 і 2018 гадах, прэзідэнцкіх у 2015 годзе і парламенцкіх у 2016-м:

– Аднойчы бачыў, як сапраўды лічылі, але з большага – гэта такі цырк, калі людзі нешта проста там ператасуюць, гэтыя паперкі, і літаральна праз 5-10 хвілін аб’яўляюць: усё – за такога кандыдата – столькі, за іншага – столькі. Я ведаю, калі 3000 чалавек прагаласавала, то гэта немагчыма за 10 хвілін падлічыць тры тысячы галасоў.

Стас Шашок упэўнены, што сённяшні падлік галасоў таксама пройдзе так, «як улада звыклася ўжо рабіць». Але кандыдат у дэпутаты спадзяецца і марыць, што гэтыя выбары – апошнія, дзе падлік галасоў будзе ажыццяўляцца па такім сцэнары.

Беларускае Радыё Рацыя