За парадкам на менскіх пляжах будзе сачыць дрон
За парадкам на менскіх пляжах эколагам дапамагае сачыць квадракоптар. Пра гэта агенцтву „Мінск-Навіны” распавёў начальнік аддзела аператыўнага кантролю Менскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Александровіч.
Па яго словах, эколагі рэгулярна праводзяць рэйды па пляжах і заўважаюць, што парушэнняў штогод становіцца ўсё менш. Эколагі пастаянна правяраюць вываз смецця з кантэйнерных пляцовак, адсутнасць машын у 30-метровай зоне каля вады, спраўную працу шлагбаумаў.
Александровіч тлумачыць, што ў Менску ёсць шэраг вялікіх па плошчы тэрыторыяў, якія складана аб’ехаць на транспарце, але неабходна аглядаць — гэта, напрыклад, былы ваенны палігон у Калодзішчах і поймы гарадскіх рэк. Менавіта там і плануецца найперш выкарыстоўваць дрон. „Магчыма, у нас нават атрымаецца выяўляць падобным чынам парушальнікаў, якія ладзяць несанкцыянаваныя звалкі. Таму што такая праблема ў горадзе дагэтуль існуе”, — тлумачыць чыноўнік.
Дарэчы, „баявое хрышчэнне” робат ужо атрымаў. З яго дапамогай эколагі абследавалі былы ваенны палігон у Калодзішчах, а таксама пляжы на вадасховішчах Дразды і Крыніца.
Фота minsknews.by