За перформанс і графіці затрыманы Філіп Шаўроў



„Малады Фронт” паведаміў пра затрыманне свайго сябра, актывіста Філіпа Шаўрова.

Прэс-служба „Маладога Фронту” паведамляе пра затрыманне свайго актывіста Філіпа Шаўрова. Ён быў затрыманы ў нядзелю 19 студзеня міліцыяй Цэнтральнага раёну і зараз месціцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна.

Як паведаміў у сябе ў Facebook палітык Павел Севярынец, Шаўроў затрыманы па крымінальнай справе. Пра гэта актывіст паспеў паведаміць па тэлефоне сваім сябрам. Верагодна, затрыманне звязана з інцыдэнтам з помнікам Аляксандру Пушкіну: тры дні таму хтосьці размаляваў чырвонай фарбай рукі помніка. У хуткім часе на гэта адрэагавала Амбасада Расеі. Дыпламаты выказалі абурэнне і паведамілі, што будуць сачыць за сітуацыяй вакол гэтага „акту вандалізму”.

Праваабаронцам „Вясны” вядома, што ў доме ў Філіпа быў вобшук, падчас якога была вынята вопратка. Сёння жонку Філіпа выклікалі ў Следчы камітэт на допыт.

Пазней прэс-служба „Маладога Фронту” ўдакладніла, што іх актывіста затрымалі за нядаўні перформанс з акрываўленымі рукамі Пушкіна, графіці «Свабоду Севярынцу» і яшчэ шэраг іншых палітычных графіці.

Ці прад’яўлены Шаўрову абвінавачванні, пакуль невядома.

spring96.org