За першае паўгоддзе на прадпрыемствах Гарадзеншчыны загінула 6 чалавек



Аператыўныя дадзеныя абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы сведчаць пра тое, што смяротныя выпадкі зафіксаваныя ў Ваўкавыскім, Лідскім, Мастоўскім, Наваградскім і Смаргонскім раёнах. Цяжкія траўмы на вытворчасці з пачатку года атрымала 32 чалавекі.

Галоўная прычына такой сітуацыі, на думку прадстаўніка Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці па Гарадзенскай вобласці Васіля Корабава, ляжыць на паверхні:

– Бываюць такія выпадкі, калі работнікі на прадпрыемствах нават у нецвярозым стане дапускаюцца да працы. На што кіраўніцтва не вельмі звяртае ўвагу. Абсталяванне ў нас на большасці прадпрыемстваў зношанае. Рабочыя павінны канкрэтна ведаць свае абавязкі і не выконваць тую працу, якая не ўваходзіць у іх абавязкі.

Яшчэ адной прычынай кепскага стану аховы працы на прадпрыемствах Гарадзеншчыны з’яўляецца недахоп на вытворчасці інжынерна-тэхнічных работнікаў, якія непасрэдна займаліся б аховай працы. У сувязі з цяжкім эканамічным становішчам гэтая пасада на многіх прадпрыемствах скарочана і выкрэсленая са штатнага раскладу.

Беларускае Радыё Рацыя